Савет Міністраў пастановай №387 ад 31 ліпеня ўстанавіў асаблівы парадак будаўніцтва аб’екта ТАА «Еўразійская біятэхналагічная кампанія» ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Гаворка ідзе пра рэалізацыю праекта «Узвядзенне навукова-вытворчага комплексу поўнага цыкла па вытворчасці субстанцый актыўных інгрэдыентаў харчовага і кармавога прызначэння (ферменты і іншыя актыўныя рэчывы мікрабіялагічнага паходжання)».
Аб’ект будзе будавацца паводле праекта кітайскай кампаніі Tianjushi Engineering Technology Group Co., Ltd., які прайшоў нармакантроль паводле правілаў КНР. Пры будаўніцтве аб’екта не будуць ажыццяўляцца дзяржаўны пажарны нагляд, дзяржаўны нагляд у галіне прамысловай бяспекі, дзяржаўны нагляд у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны.
Нагадаем, ТАА «Еўразійская біятэхналагічная кампанія» было зарэгістравана ў якасці рэзідэнта «Вялікага каменя» ў студзені 2024 года.
