Аляксандр Лукашэнка не пакідае надзеі, што ў Беларусі створаць цуда-зброю супраць беспілотнікаў. Пра яе ён сёння згадаў на нарадзе па стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, звяртаючыся да міністра адукацыі Андрэя Іванца.
Лукашэнка падкрэсліў, што яму не важна, якая мадэль кіравання будзе ў структуры, што ствараецца: рэктар, дырэктар ці наглядальны савет. У любым выпадку адказнасць за яе будзе несці Іванец.
«Вы адукаваны, пісьменны чалавек. Тым больш не хачу вас пакрыўдзіць і сябе таксама: не гуманітарый — хімік. Гэта я заўсёды, калі чытаю хімік або фізік — гэта добра, гэта не балбатня, як звычайна ў нас бывала, у гісторыкаў і іншых, але не вас. Я маю на ўвазе сябе. Я ж гістфак заканчваў, але потым зразумеў, што гэта не тое, давялося эканамічны факультэт. І гэта таксама не хімія і не фізіка.
Таму хацелася б пачуць ваша меркаванне не толькі як маладога чалавека, але і спецыяліста ў гэтым плане. Вельмі прашу вас, давайце вызначымся, якія там будуць напрамкі. Мы там будзем распрацоўваць новыя тыпы, модна цяпер казаць, беспілотнікаў, ці будзем новыя матэрыялы ствараць і створым праз 200 гадоў гэтыя новыя матэрыялы. Ужо недзе на Кольскім паўвостраве знойдуць яшчэ нейкі, вы, напэўна, чулі, элемент, які даражэйшы за золата і гэтак далей. Чулі вы?» — спытаў Лукашэнка.
«Рэдказямельныя», — уставіў Іванец.
«Так, рэдказямельны матэрыял знайшлі, які даражэйшы за золата. Таму нам трэба… патрэбны, я не кажу, што вось проста сёння, а гэта ўсё ж такі павінна быць звернута ў будучыню. Але вынік прыносіць пажадана, калі не пры маім, то пры вашым жыцці дакладна. Гэта мы кожны год павінны людзям даказваць, і самому сабе, і людзям, што не дарэмна стварылі, і што вось гэта самыя зярняткі, самыя лепшыя, іх шмат не будзе ў краіне, яны там знойдуць сваё месца.
І мне здаецца, не важна, у якім узросце. Мне здаецца. Але калі вы толькі бачыце там, што пасля 10-га класа або, дапусцім, пасля ВНУ павінны быць там, ну, я кажу, ну а калі Уладзімір Барысавіч (Перцаў — заўв. рэд.) разумная галава, ён даўно пасля ВНУ, або Наталля Уладзіміраўна (Пяткевіч — заўв. рэд.) таксама ўжо не ўчора ВНУ скончыла.
А вось іскра нейкая там прыляцела ў галаву і можа ў цэнтры даць добры вынік. Не беспілотнік вынайдзе Уладзімір Барысавіч, а вынайдзе спецыфічны наймагутнейшы сродак барацьбы з беспілотнікамі і абнуліць у свеце ўсе гэтыя беспілотнікі. Я вось цяпер думаю над гэтай ідэяй, вось усе парыцца: беспілотнікі трэба, беспілотнікі.
А калі нехта разумны возьме, у невялікай краіне, у Ізраілі, у Беларусі, і створыць сістэму барацьбы з гэтымі беспілотнікамі супраць любых беспілотнікаў. Усё — яны перастаюць лётаць, падаюць, выбухаюць і гэтак далей. Нейк не вяжацца гэта з тым, што гэта дзесяцікласнікі там абавязкова павінны быць або пасля ВНУ павінны быць. Трэба таленавітым людзям адкрыць дарогу ў гэтую акадэмію. Як гэта зрабіць? Вы павінны мне сёння адказаць на гэтае пытанне», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, у чэрвені мінулага года, знаходзячыся ў цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў у Бярозаўскім раёне, Лукашэнка казаў, што «пажадана было б мець такую цуда-машыну, якая б працавала па ўсіх беспілотніках і пазбаўляла іх магчымасці выконваць свае функцыі».
У лістападзе 2025 года, прымаючы з дакладам кіраўніка Акадэміі навук Уладзіміра Караніка, Лукашэнка казаў ужо пра непаражальны беспілотнік.
«Ну, да прыкладу, беспілотнік. Вось, калі ласка, непаражальная рэч, лётае, ніякія РЭБ там, ніякая зброя яго не дастае, адносна. Атрымай грошы за вынаходніцтва, за ўзор, які ты паклаў на стол», — казаў ён.
