Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі прапануе ўраду прыпыніць працу адзінага дзеючага пункта пропуску на латвійска-беларускай мяжы — «Патэрніекі» («Грыгароўшчына»). Праект рашэння ўжо падрыхтаваны і перададзены ўраду на ўзгадненне, паведамляе LSM.
Закрыццё пункта пропуску дапаможа гарантаваць недатыкальнасць дзяржавы, прадухіліць пагрозу грамадскаму парадку, стварыць памежнікам больш спрыяльныя ўмовы для барацьбы з нелегальнай міграцыяй, лічаць у міністэрстве.
МУС Латвіі адзначае, што на фоне міграцыйнага ціску з боку Беларусі ўздоўж латвійска-беларускай мяжы абвешчаны рэжым узмоцненай аховы мяжы, а дзейны пункт пропуску дае «больш шырокую магчымасць ажыццяўляць супраць Латвіі працяглую аперацыю гібрыднай вайны», а таксама можа выкарыстоўвацца як «дадатковы інструмент для ціску, правакацый і дзеянняў разведвальнага характару».
Пункт пропуску «Патэрніекі» прыпыніў працу ўвечары 31 ліпеня. Латвійскі бок растлумачыў гэта «тэхнічным збоем». Сёння МЗС Беларусі прыгразіла Латвіі адказнымі дзеяннямі несіметрычнага характару.
