Называлі «петушарамі», дарослых не кармілі — удзельнік «Вясёлкі» пад Расонамі расказаў пра затрыманне

Навіны
Фото: t.me/pressmvd

Адзін з удзельнікаў злёту «Вясёлка» ў Расонскім раёне расказаў «Віцебскай вясне», як адбывалася затрыманне.

Мужчына назваў хлуснёй інфармацыю МУС пра тое, што ў намётавым гарадку нібыта збіраліся праводзіць нейкі абрад. Паводле яго слоў, ні пра які абрад гаворкі не ішло, людзі проста разам праводзілі час. Сілавікі таксама заявілі, што людзі знаходзіліся аголенымі перад дзецьмі. Удзельнік злёту сцвярджае, што голым ніхто не хадзіў — хіба толькі ў лазні або падчас купання пасля яе.

Мужчына выказаў здагадку, што за лагерам маглі назіраць з дапамогай квадракоптара, які некалькі разоў пралятаў над лесам яшчэ ўдзень.

Перад затрыманнем сілавікі правялі ператрусы ў намётах, дзе шукалі алкаголь і наркотыкі. Пасля гэтага ў некалькіх чалавек зніклі асабістыя рэчы. Людзей затрымлівалі вельмі хутка, многія не паспелі сабрацца, у многіх у лесе засталіся тэлефоны і іншыя рэчы, а таксама аўтамабілі, на якіх яны прыехалі.

Паводле слоў мужчыны, сілавікі называлі затрыманых «петушарамі», адмаўляліся даваць копіі пратаколаў, імкнуліся пакінуць у пратаколах пустыя месцы, не дазвалялі закрэсліваць пустыя радкі або наогул рвалі пратаколы, калі затрыманыя дадавалі туды нешта, акрамя афіцыйнай версіі таго, што адбылося. Аднаго чалавека, які зрабіў заўвагі падчас допыту, збілі нагамі ў прыбіральні, сцвярджае мужчына.

Паводле слоў відавочцы, дарослых затрыманых не кармілі каля 20 гадзін, а ваду можна было набраць толькі з крана ў прыбіральні. Спаць можна было на падлозе ў Доме культуры. Дзяцей разам з бацькамі перавялі ў ФАК, дзе дзецям выдзелілі гімнастычныя маты.

Нагадаем, 29 ліпеня ў Расонскім раёне на злёце руху Rainbow Family былі затрыманыя каля 300 чалавек, у тым ліку 67 расіян і 1 грамадзянін Ізраіля. На затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП).

Rainbow Family — міжнародны рух, які аб’ядноўвае прыхільнікаў ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай, альтэрнатыўнага ладу жыцця і пратэсту супраць умоўнасцяў капіталістычнага грамадства. Сустрэчы Rainbow Family звычайна праходзяць у маланаселеных месцах на прыродзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.