Міністэрства юстыцыі Літвы накіравала афіцыйны запыт Беларусі аб экстрадыцыі Антанаса Кандротаса.
«Атрымаўшы запыт ад Каўнаскага акруговага суда, Міністэрства юстыцыі неадкладна прыняло ўсе магчымыя меры і падрыхтавала афіцыйны запыт аб экстрадыцыі Антанаса Кандротаса. Наша мэта — забяспечыць выкананне судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, і не дапусціць, каб асуджаныя пазбеглі крымінальнай адказнасці толькі таму, што знаходзяцца ў іншай краіне», — заявіў намеснік міністра Марцінас Дабравольскіс.
Кандротас выехаў у Беларусь у чэрвені, дзе даў інтэрв’ю беларускім прапагандыстам. Ён пакінуў Літву незадоўга да разгляду ў Апеляцыйным судзе скаргі на раней вынесены яму прысуд па справе аб фінансавых злачынствах. Кандротас быў прыгавораны да 4,5 года пазбаўлення волі. Яго скарга была адхіленая, і прысуд уступіў у законную сілу. У ліпені Кандротас дыстанцыйна ўдзельнічаў у пасяджэннях па іншых крымінальных справах супраць яго. Па адной з іх прысуд будзе вынесены ў верасні. У апеляцыйнай інстанцыі таксама знаходзяцца яшчэ дзве справы ў дачыненні да Кандротаса.
