Пракуратура Мінска пахвалілася прызнаннем «экстрэмісцкімі» сацсетак Ціханоўскай, Вячоркі і Лябедзькі

Навіны
Фото: прокуратура Минска

Пракуратура горада Мінска вырашыла адсправаздачыцца пра пераслед іншадумства і палітычных апанентаў Лукашэнкі ў інтэрнэце. Як паведамілі ў пракуратуры, за першае паўгоддзе ў суды былі накіраваныя 36 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Паводле заяў мінскіх пракурораў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў прысвоены інфармацыі, размешчанай на 14 старонках у сацыяльнай сетцы Instagram, у 13 акаўнтах у сацыяльнай сетцы Threads, у 5 Telegram-каналах і (або) чатах (ботах), 2 акаўнтах (супольнасцях) у сацыяльнай сетцы Facebook, 1 акаўнце ў сацыяльнай сетцы TikTok, 1 канале на відэахостынгу YouTube, 1 інтэрнэт-сайце, 1 старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

Асобна пракуроры вырашылі падкрэсліць, што менавіта іх заявы сталі падставамі для ўнясення ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» акаўнтаў вядомых палітыкаў.

«Напрыклад, паводле заяў пракурораў прызнаная экстрэмісцкай інфармацыйная прадукцыя супольнасці «Лібертарыянскі рух Беларусі» — Telegram-канал «Лібертарыянскі рух Беларусі», старонкі «Лібертарыянскі рух Беларусі» ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» і Facebook; акаўнты «Franak Viacorka», «Анатоль Лябедзька» і «Святлана Цiханоўская» ў сацыяльнай сетцы Threads; старонка «zmagarenok» у сацыяльна-забаўляльнай сетцы TikTok», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя чатыры кнігі, у дачыненні да якіх пракуроры падавалі ў суды адпаведныя заявы.

Таксама мінскія пракуроры дамагліся выдалення з інтэрнэт-пляцовак прапаноў аб продажы 61 выдання, унесенага ў спіс забароненых.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.