Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў накіраваў ліст у Міністэрства эканомікі Беларусі ў сувязі з атакамі беспілотнікаў на склады маркетплэйса Wildberries на тэрыторыі Расіі. Ён адрасаваны першаму намесніку міністра эканомікі Івану Вежнаўцу.
Саюз просіць Мінэканомікі правесці рабочую нараду па ацэнцы сітуацыі, якая склалася, і рэалізацыі плана сумесных дзеянняў па мінімізацыі наступстваў для беларускіх прадпрымальнікаў, а таксама «выпрацоўцы механізму ўздзеяння на маркетплэйс Wildberries на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дыпламатычным шляхам».
У лісце адзначаецца, што на складах маркетплэйса могуць захоўваць тавары да 22 тыс. беларускіх суб’ектаў гаспадарання.
У саюзе таксама адзначаюць, што бакамі па публічным дагаворы з маркетплэйсам выступае беларуская юрыдычная асоба ТАА «ІМВБРБ». У выніку беларускія прадаўцы «не маюць ніякай магчымасці ўплываць на захаванасць сваіх тавараў на складах маркетплэйса Wildberries у Расійскай Федэрацыі і не маюць ніякіх прамых дагаворных адносін з уладальнікамі гэтых складоў».
Нагадаем, з 18 ліпеня УСУ паслядоўна наносяць удары па лагістычных аб’ектах расійскага маркетплэйса. Ужо паражаныя больш за 10 складоў. Некаторыя з іх выгарэлі цалкам.
