Беларусь і Расія падпішуць дакумент аб хуткаснай чыгуначнай магістралі. Пра гэта ТАСС заявіў дзяржаўны сакратар СД Сяргей Глазьеў. З яго слоў не зразумела, пра які менавіта дакумент ідзе гаворка. Адначасова дзяржсакратар выказаў ідэю выкарыстання струннага транспарту.
“Цяпер пачнецца транспартны тыдзень, мы чакаем, што на ім будзе падпісаны дакумент, які адлюстроўвае намер нашых чыгунак аб’яднаць намаганні для будаўніцтва такой магістралі”, – сказаў Глазьеў.
Нагадаем, у Расіі будаўніцтва хуткасных магістраляў было анансавана некалькі гадоў таму. Адна з іх павінна была злучыць Маскву і Мінск. У Беларусі прапаноўвалі працягнуць яе да Брэста. Пакуль жа ў РФ рэалізуецца праект па будаўніцтве магістралі паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам, якая павінна пачаць працу ў 2028-2029 гадах. Пры гэтым магістраль да Мінска з’яўляецца толькі чацвёртай у чарзе будаўніцтва.
Глазьеў у інтэрв’ю адзначыў, што ёсць і іншыя рашэнні.
“Тым часам падаспелі новыя тэхнічныя рашэнні, у прыватнасці, ёсць распрацаваная ў Беларусі тэхналогія так званага струннага транспарту. Гэта, умоўна кажучы, падвясная чыгунка, па якой ездзяць з хуткасцю да 150 км/г камфортныя аўтаномныя каляскі, якія перавозяць да 30 пасажыраў. І распрацоўшчыкі гэтай тэхналогіі прапануюць свае магчымасці для збудавання такой хуткаснай магістралі на струнным транспарце, дзе яны абяцаюць давесці хуткасць руху гэтых калясак да 300 км/г.
Я думаю, так ці інакш транспартная звязанасць паміж Расіяй і Беларуссю будзе развівацца, ушчыльняцца. Мы за тое, каб развіваліся ўсе віды транспарту, якія палегчаць зносіны паміж людзьмі і перавозку грузаў. У перспектыве мы думаем, што звяжам усе беларускія вобласці з суседнімі або бліжэйшымі расійскімі абласцямі”, – сказаў ён.
Гэта не першы раз, калі Сяргей Глазьеў у сваіх выступленнях спрабуе папулярызаваць струнны транспарт. У верасні мінулага года на бізнес-форуме ён распавёў, што абмяркоўваў з Мінтрансам РФ ідэю “нацягвання «струны» паміж Мінскам і Масквой, па якой маглі б каляскі, вагончыкі ехаць з хуткасцю 500 кіламетраў у гадзіну».
У кастрычніку ён ужо дзяліўся гэтай ідэяй на пасяджэнні навукова-экспертнага савета.
Нагадаем, аўтар ідэі струннага транспарту Анатоль Юніцкі дзесяцігоддзямі прасоўвае праект без прызнання прафесійнай супольнасцю. Яго заявы пра «рэвалюцыю транспарту» і «касмічныя перспектывы» выглядаюць ненавукова. Яго абвінавачвалі ў махлярскіх схемах фінансавання праекта, асабліва ў Расіі і Беларусі.
Ідэя струннага транспарту, якая прасоўваецца як «рэвалюцыя ў транспарце будучыні», на практыцы сутыкаецца з сур’ёзнымі тэхнічнымі, эканамічнымі і эксплуатацыйнымі праблемамі. Канструкцыя з нацягнутымі рэйкамі нестабільная пры тэмпературных ваганнях і вібрацыях, што ставіць пад сумнеў бяспеку і даўгавечнасць сістэмы.
Заяўленая таннасць і эфектыўнасць не пацверджаны незалежнымі разлікамі, а праекты абмяжоўваюцца дэманстрацыйнымі стэндамі без сертыфікацыі. Адсутнасць буйных інвестараў, навуковых публікацый і рэальных укараненняў робіць струнны транспарт хутчэй прыкладам псеўдаінавацыі і маркетынгавай утопіі, чым жыццяздольнай транспартнай тэхналогіяй.
