Амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм, прэзідэнт і генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма, сустрэўся з Патрыяршым экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Сустрэча прайшла 15 мая ў Мінскім епархіяльным упраўленні.
Бакі абмеркавалі “блізкасць падыходаў” праваслаўнай царквы і Асацыяцыі Білі Грэма да “вырашэння актуальных пытанняў сучаснасці, такіх як абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, пытанні маральнасці, перспектывы хрысціянскай місіі ў сучасным свеце”.
“Удзельнікі сустрэчы выступілі з асуджэннем празелітызму ва ўсіх яго формах, выказалі агульную зацікаўленасць ва ўмацаванні ў Рэспубліцы Беларусь міжканфесійнага міру і згоды, надзею на завяршэнне ваенных канфліктаў, усталяванне міру і аднаўленне добрасуседскіх адносін паміж краінамі і народамі”, — паведамілі ў прэс-службе БПЦ.
Напрыканцы сустрэчы бакі абмяняліся падарункамі. Мітрапаліт Веніямін падарыў Грэму факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля XVI стагоддзя, Грэм у адказ перадаў кнігу пра жыццё свайго бацькі Білі Грэма.
Нагадаем, 16–17 мая ў мінскай «Чыжоўка-Арэне» пройдзе «Фестываль надзеі», у якім возьмуць удзел пратэстанцкія цэрквы. Учора Франклін Грэм сустрэўся ў Палацы незалежнасці з Аляксандрам Лукашэнкам.
