Кіроўца-беларус прыехаў на разгрузку тавару ў нецвярозым стане. Яго затрымалі і судзілі ўжо на наступны дзень. Цяпер мужчыну пагражае дэпартацыя.
29 ліпеня ахоўнік адной з кампаній у Семяновіцах-Слёнскіх заўважыў, што кіроўца грузавіка прыехаў на разгрузку п’яным. Ён выклікаў паліцыю.
Паліцыянты ўстанавілі, што ў арганізме 44-гадовага беларуса было больш за 4 праміле алкаголю. Мужчыну затрымалі і ва ў паскораным парадку судзілі ўжо на наступны дзень за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, паведамляе паліцыя.
Суд прызначыў беларусу 8 месяцаў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады. Ён таксама павінен выплаціць штраф у памеры 7 тысяч злотых (1875 долараў) і пералічыць 7 тысяч злотых у Фонд дапамогі пацярпелым і постпенітэнцыярнай дапамогі. Паліцыя звярнулася ў памежную службу з хадайніцтвам аб выдварэнні беларуса з Польшчы.
