30-гадовая турыстка з Беларусі ледзь не патанула падчас купання на ўзбярэжжы італьянскага курорта Марына-дзі-П’етрасанта ў рэгіёне Таскана. Дзякуючы аператыўным дзеянням ратавальнікаў жанчыну ўдалося вярнуць да жыцця і даставіць у бальніцу.
Інцыдэнт адбыўся ўдзень 27 ліпеня каля пляжнага комплексу Eva у Марына-дзі-П’етрасанта, размешчанага на ўзбярэжжы Версіліі. Паводле звестак мясцовых СМІ, жанчына пачала тануць падчас купання ў моры. Першымі на дапамогу прыйшлі трое пляжных ратавальнікаў, якія дасталі яе з вады і адразу прыступілі да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.
Пасля прыбыцця медыкаў рэанімацыйныя мерапрыемствы былі працягнутыя. На месца здарэння прыбылі аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, машына з урачом і спецыялізаваны аўтамабіль з медсястрой. Пасля шматлікіх спроб рэанімацыі жанчына прыйшла ў прытомнасць.
Пацярпелую шпіталізавалі ў прыёмнае аддзяленне бальніцы Versilia з «жоўтым кодам» — у Італіі такі статус азначае стан сярэдняй цяжкасці, які патрабуе тэрміновай медыцынскай дапамогі, але без непасрэднай пагрозы жыццю.
Мясцовыя выданні не раскрываюць асобу турысткі і не ўдакладняюць, што стала прычынай здарэння. Вядома толькі, што ёй 30 гадоў і яна з’яўляецца грамадзянкай Беларусі.
