Рэпліка Крыжа каралевы Сафіі, княжны Менскай, гатовая: артэфакт прыбывае ў Капенгаген на старт «пірацкай экспедыцыі»

Культура
Так выглядае рэпліка крыжа каралевы Сафіі, княжны Менскай. Фота: сацсеткі Марыі Грыц.

У Капенгаген дастаўлена ювелірная рэпліка легендарнага Крыжа каралевы Сафіі (Дагмар) XII стагоддзя. Гэтая падзея азначае старт прыгожага культурнага праекта, які беларуская руплівіца і актывістка Марыя Грыц задумала як незвычайную, поўную азарту гістарычную экспедыцыю.

Дык што за крыж?

Нагадаем, што гісторыя гэтага праекта распачалася зусім нядаўна — на пачатку гэтага года — і непасрэдна завязаная на адну з самых выдатных рэліквій еўрапейскага Сярэднявечча, вядомую як крыж Дагмар. Сам арыгінал, вытанчаны візантыйскі крыж-рэліквіярый XII стагоддзя, сёння старанна ахоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Капенгагене і лічыцца сапраўдным скарбам Даніі. Але для беларусаў гэты артэфакт мае асаблівае гучанне: паводле гістарычных звестак, каштоўны крыж належаў дацкай каралеве Дагмар, якая пры хрышчэнні насіла імя Сафія і з’яўлялася дачкой менскага князя Валадара. Дачка князя з роду Рагвалодавічаў, Сафія ў 1157 годзе выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара I Вялікага і стала каралевай Даніі.

“Мы часта думаем, што Беларусь заўсёды была «на ўскрайку гісторыі». А насамрэч ужо ў XII стагоддзі дачка з Менска была ў самым цэнтры вялікай еўрапейскай палітыкі”, – даводзіць сваю ідэю вяртання гэтай рэліквіі ў беларускую гісторыю Марыя Грыц.

Рэпліка Крыжа каралевы Сафіі, княжны Менскай, гатовая: артэфакт прыбывае ў Капенгаген на старт «пірацкай экспедыцыі»
Так магла выглядаць каралева Сафія. Выява: сацсеткі праекта piraty.by.

Адкуль “піраты”?

У свой час колішняя дырэктарка дацкага музея нямала разважала пра гэтае дзіўнае перапляценне еўрапейскіх і беларускіх шляхоў, злучаючы кропкі на карце гісторыі. Аднак Марыя вырашыла не абмяжоўвацца ціхімі музейнымі развагамі. Замест таго каб проста тужліва глядзець на старажытнасць за тоўстым шклом у замежнай сталіцы, яна паклікала людзей вярнуць гэты скарб у культурны абарот праз адкрытую, яркую і жывую прыгоду, якую каманда арыгінальна і з іроніяй назвала «пірацкай экспедыцыяй».

Ідэя гэтага руху палягала ў тым, каб здзейсніць своеасаблівы сімвалічны «набег» на музейныя фонды і культурныя бар’еры: вярнуць страчаную спадчыну беларусам не праз сухія навуковыя даклады, а праз наўпроставае выкраданне ўвагі, спантанныя падарожжы, перавозку артэфакту па гарадах Еўропы і агульны азарт, калі кожны чалавек адчувае сябе не пасіўным назіральнікам, а паўнавартасным удзельнікам вялікага паходу па ўласныя скарбы.

Рэпліка Крыжа каралевы Сафіі, княжны Менскай, гатовая: артэфакт прыбывае ў Капенгаген на старт «пірацкай экспедыцыі»
Выява: сацсеткі праекта piraty.by.

Што было далей?

Па-першае, дзеля ажыццяўлення гэтай задумы спатрэбілася зрабіць рэпліку крыжа. Па-другое, аплаціць гэту працу.

Марыя звярнулася да беларускіх майстроў, але ў выніку знайшла падтрымку ў… грузінскага ювеліра, якія захапіўся самой ідэі “вяртання” крыжа каралевы Сафіі ў беларускую прастору. Грузінскі ювелір Ілія Чакветадзэ так загарэўся ініцыятывай, што пачаў працу па старажытных тэхналогіях (чыстае золата, гарачая эмаль і агонь) яшчэ таго дня, калі збор сродкаў нават блізка не быў закрыты. Сама кампанія трывала тры месяцы і трымалася на народнай падтрымцы — да справы далучыліся 65 фундатараў і фундатарак. Вырашальны ж уклад за 12 дзён да дэдлайну зрабіла ініцыятыва «Мальдзіс» на чале з Рыгорам Астапенем, не даўшы загалецца агню ў майстэрні.

Не менш адказна і творча каманда падышла і да візуальнага распазнання экспедыцыі. Пасля гарачага і адкрытага галасавання ў сацыяльных сетках удзельнікі абралі галоўны сцяг паходу — магутную і стыльную выяву працы вядомага мастака Уладзіміра Цэслера. Потым гэты сцяг перадалі ў рукі медыяменеджару і грамадскаму дзеячу Андрэю Мялешку, каб каманда і прыхільнікі маглі памацаць яго ўласнаруч.

І вось цяпер гэтая шалёная авантура прыносіць першы рэальны плён. Прыбыццё гатовай ювелірнай рэплікі ў Капенгаген адкрывае цэлую серыю выязных імпрэз. “Да высадкі першага беларускага “пірацкага флота” засталося 19 дзён”, — анансуе хуткі выхад пірацкай экспедыцыі Марыя.

Кульмінацыяй «пірацкага паходу» мусіць стаць прэзентацыя крыжа ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, дзе ён атрымае сталую «прапіску».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.