Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі Яўгена Сілаева і грамадзяніна Украіны Дзмітрыя Рашэўскага, а таксама VPN-сэрвісу First VPN Service (1VPNS).
Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) заяўляе, што сэрвіс 1VPNS прадастаўляў свае паслугі групам і асобам, якія займаліся праграмамі-вымагальнікамі. Рашэўскі адміністраваў сэрвіс, а Сілаеў прадаваў праграмы-крыптары, якія выкарыстоўваліся для маскіроўкі праграм-вымагальнікаў і іншых шкоднасных праграм.
“Групы, якія займаюцца праграмамі-вымагальнікамі і выкарыстоўваюць паслугі гэтых асоб, нанеслі амерыканскім кампаніям і пастаўшчыкам аб’ектаў крытычнай інфраструктуры шкоду на мільярды долараў”, — заяўляе OFAC.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заяўляе, што 1VPNS, Рашэўскі і Сілаеў аказвалі падтрымку групоўкам, якія займаліся распаўсюджваннем праграм-вымагальнікаў і атакавалі амерыканскія бальніцы, школы, прадпрыемствы і органы мясцовага самакіравання. Інфраструктура 1VPNS была ліквідаваная ў маі 2026 года пры падтрымцы ФБР.
“Гэтыя асобы прадастаўлялі групоўкам, якія выкарыстоўваюць праграмы-вымагальнікі, інструменты для ўтойвання сваёй асобы, маскіроўкі шкоднаснага праграмнага забеспячэння і ўхілення ад выяўлення, што дазваляла ажыццяўляць атакі, якія прывялі да страт у памеры мільярдаў долараў для пастаўшчыкоў крытычна важнай інфраструктуры ЗША”, — заяўляе Дзярждэпартамент.
Як пазначана на сайце OFAC, Яўген Уладзіміравіч Сілаеў нарадзіўся 9 лістапада 2000 года. Указаны адрас Сілаева — Pestraa iela 8-7, Grodno (магчыма, мелася на ўвазе вуліца Пестрака ў Гродне) і яго нумар пашпарта.