Палітыка Літвы ў дачыненні да Беларусі не зменіцца, нягледзячы на новыя фармулёўкі ў праграме ўрада Міндаўгаса Сінкявічуса. Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта Літвы па ўнутранай палітыцы Паўлюс Балтокас.
Сёння новы прэм’ер-міністр краіны Міндаўгас Сінкявічус прадставіў праграму свайго ўрада. У праграме папярэдняга складу кабінета міністраў на чале з Інгай Ругінене было прапісана прыняцце «актыўных мер для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі і Беларусі». Як паведамляе LRT, у новай праграме ў гэтым кантэксце згадваецца толькі РФ: «Актыўныя дзеянні для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі». Беларусь з фармулёўкі знікла.
Каментуючы для BNS такую карэкціроўку, Балтокас запэўніў, што пазіцыя Літвы ў дачыненні да беларускага ўрада і санкцый Еўрапейскага саюза застаецца нязменнай.
Яшчэ адна карэкціроўка ў праграме датычыцца БелАЭС. У ёй гаворыцца, што ўрад будзе ўздымаць пытанне бяспекі станцыі на міжнародных форумах і забяспечваць выкананне Беларуссю самых высокіх стандартаў ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя.
У адміністрацыі прэзідэнта Літвы адзначылі, што пагроза зыходзіць не толькі ад канкрэтнага аб’екта, але і ад цяперашніх беларускіх уладаў і іх гібрыдных атак.