Украіна і дзевяць еўрапейскіх краін (Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Нарвегія, Данія, Швецыя, Нідэрланды, Іспанія) абвясцілі пра заснаванне «антыбалістычнай кааліцыі». Першае пасяджэнне прайшло 13 ліпеня ў Парыжы.
У сумеснай дэкларацыі краін-заснавальніц гаворыцца, што кааліцыя мае выключна абарончы характар.
«Мы робім гэта не супраць якога-небудзь народа, а дзеля абароны саміх сябе», — гаворыцца ў дэкларацыі.
Краіны-заснавальніцы лічаць, што Еўропа мае патрэбу ў інтэграванай архітэктуры супрацьракетнай абароны, якая дапоўніць існыя сістэмы. Яны таксама прызнаюць «унікальны досвед Украіны, набыты падчас абароны ад расійскай агрэсіўнай вайны».
«Для заканчэння вайны Расіі супраць Украіны неабходныя магутныя і дастатковыя супрацьбалістычныя магчымасці. Яны не менш важныя, чым далёкабойныя або сярэдняй далёкасці ўдары па расійскай ваеннай эканоміцы альбо актыўныя аперацыі на перадавой.
Чым больш ва Украіны будзе сродкаў для перахопу расійскіх балістычных ракет, тым вышэйшая верагоднасць таго, што Пуцін сядзе за стол перамоў, бо яго апошні аргумент у гэтай вайне перастане дзейнічаць», — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі падкрэсліў неабходнасць стварэння еўрапейскай сістэмы для абароны ад балістычных ракет. Украіна завяршае працу над ракетамі FREYJA для такой сістэмы.
«Украіна можа забяспечыць сваю частку — супрацьбалістычную ракету. Цяпер мы завяршаем працу над ёй. У іншых ёсць радыёлакатарныя станцыі і іншыя крытычна важныя кампаненты. Важна, каб мы аб’ядналі намаганні. Сёння на ўзроўні лідараў вельмі важна палітычна пацвердзіць, што FREYJA — гэта наш агульны праект», — заявіў Зяленскі.
Ён выказаў надзею, што FREYJA пачне эксплуатавацца ўжо ў найбліжэйшыя 12 месяцаў.