У Акадэміі навук ацанілі патэнцыял вытворчасці збожжа ў Беларусі ў 15 млн тон

Навіны
Изображение: СТВ

У Беларусі пры пэўных умовах можна атрымаць 15 млн т збожжа. Пра гэта ў эфіры СТБ заявіў генеральны дырэктар НПЦ Акадэміі навук па земляробстве Сяргей Краўцоў.

“Патэнцыял, пра які вы сказалі, у нас, калі ўсё будзе добра і будуць спрыяльныя ўмовы надвор’я, я думаю, 15 мільёнаў мы можам атрымліваць збожжа”, — сказаў ён.

Нагадаем, летась у Беларусі атрымалі 9,15 млн т збожжавых і зернебабовых. Аднак чыноўнікі апошнім часам залічваюць ва ўраджай збожжавых і алейнае насенне рапсу, што дазваляе ім казаць пра збор у 10 млн т і больш.

Паводле слоў Краўцова, біялагічны патэнцыял беларускіх глеб складае 9 ц/га ў сярэднім па краіне.

“Мы з вамі атрымалі летась 38 цэнтнераў у сярэднім па Рэспубліцы Беларусь. Усё гэта дзякуючы толькі навуцы, дзякуючы людзям, дзякуючы захаванню рэгламентаў і тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур”, — сказаў ён.

Краўцоў падкрэсліў, што залежнасць ад аграметэаралагічных умоў зніжаецца, што і дазваляе атрымліваць ураджаі большыя за патэнцыйныя.

“Залежнасць вялікая ў нас у Рэспубліцы Беларусь, калі ўзяць, напрыклад, 50 гадоў таму, мы ад кліматычных умоў залежалі на 80%. Цяпер мы ўжо дзякуючы найноўшым распрацоўкам тэхналогій, угнаенняў, сродкаў абароны, рэтардантаў залежым ад прыроды толькі на 40%. Далей мы гэтую залежнасць будзем толькі змяншаць”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.