Галоўная рэдактарка газеты Гомельскага райвыканкама «Маяк» Вікторыя Футрына назвала гурт «Дразды» здраднікамі і раскрытыкавала іх выступленне на Дні Незалежнасці ў Гомелі. Праз некалькі дзён яна запісала «пакаяннае відэа», у якім папрасіла прабачэння ў музыкаў. Відэа апублікаваў у Threads саліст гурта Віталь Карпанаў.
У сваёй калонцы ў газеце «Маяк» 8 ліпеня Футрына выказала незадаволенасць тым, што гурт выступіў на Дні Незалежнасці, заявіла, што калектыў у 2020 годзе «стаў пад БЧБ-сцяг, а як запахла смажаным — адразу пераабуўся». Яна назвала артыстаў здраднікамі і задалася пытаннем: «Ці можна дараваць тых, хто аднойчы здрадзіў?».
На публікацыю адрэагаваў лідар «Драздоў» Віталь Карпанаў. Ён запатрабаваў ад прапагандысткі афіцыйных прабачэнняў.
«Учора мне даслалі ролік, дзе адно з дзяржаўных СМІ гурт «Дразды» ў чарговы раз назвалі здраднікамі… тым часам на канцэрт гэтых «здраднікаў» сёння прыйшлі 2700 гледачоў! Калегі, вы калі перастанеце жыць у паралельнай рэальнасці? Пакуль мы чакаем афіцыйных прабачэнняў ад гэтага СМІ, паглядзіце, як любяць гэтых хлопцаў простыя беларусы!» — напісаў Карпанаў.
Сёння ў сваім акаўнце ў Threads ён апублікаваў відэа Футрынай з прабачэннямі. Яна кажа, што «нядобра выказалася пра гурт «Дразды», абвінаваціўшы іх у няправільнай пазіцыі ў 2020 годзе».
«Я хачу яшчэ раз публічна папрасіць прабачэння за той матэрыял, таму што інфармацыя аказалася не да канца мною праверанай, няправільнай. Па сутнасці, я ні за што абразіла артыстаў», — заявіла Футрына.

