Еўрасаюз увёў санкцыі супраць шэрагу расійскіх фізічных і юрыдычных асоб. Адпаведныя дакументы апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЕС.
Пад санкцыі трапіла кампанія VK, а таксама яе даччыная асоба «Камунікацыйная платформа», якая распрацоўвае месенджар Max.
“VK з’яўляецца мацярынскай кампаніяй ТАА «Камунікацыйная платформа», распрацоўшчыка і аператара мабільнага дадатку Max, які падтрымліваецца дзяржавай.
Распрацоўка дадатку Max кантралявалася Федэральнай службай бяспекі, якая ўстанавіла патрабаванні для выканання распрацоўшчыкамі дадатку Max. Дадатак Max павінен быць папярэдне ўсталяваны на ўсіх мабільных тэлефонах і планшэтах, якія прадаюцца ў Расіі, і інтэграваны з сэрвісам «Дзяржпаслугі».
На думку шматлікіх экспертаў, дадатак Max валодае шырокімі магчымасцямі для сачэння і можа адсочваць камунікацыі, уключаючы выкарыстанне VPN, збіраць даныя пра іншыя дадаткі, усталяваныя на тэлефонах, кантраляваць адрасныя кнігі, вызначаць месцазнаходжанне карыстальнікаў і ўсталёўваць аўтаномныя абнаўленні.
Укараненне і прасоўванне дадатку Max расійскай дзяржавай суправаджалася рэпрэсіямі і блакіроўкай іншых незалежных дадаткаў, такіх як WhatsApp і Telegram, а таксама кампаніяй па абмежаванні выкарыстання VPN, якія дазвалялі карыстальнікам атрымліваць доступ да кантэнту, заблакаванага ў Расіі.
Інфармацыя, сабраная расійскімі ўладамі праз дадатак Max, паслужыла падставай для накладання штрафу на грамадзяніна Расіі за кантэнт, размешчаны ў дадатку.
Дадатак Max атрымаў выгаду ад уведзеных урадам блакіровак доступу да заходніх і незалежных канкурэнтаў, такіх як Instagram, Facebook, Telegram і WhatsApp, што дазволіла яму павялічыць даходы і долю рынку.
VK супрацоўнічаў з расійскімі ўладамі ў іх рэпрэсіўных дзеяннях, у тым ліку прадастаўляючы ім даныя пра карыстальнікаў сваіх сэрвісаў, якія размяшчалі кантэнт, што крытыкаваў агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, або іншы кантэнт, забаронены ўладамі”, — гаворыцца ў абгрунтаванні санкцый.
Абмежаванні ўведзены ў дачыненні да кіраўніцтва «Камунікацыйнай платформы». Акрамя таго, пад санкцыі трапілі тры юрыдычныя асобы і іх кіраўнікі, якія займаюцца распрацоўкай рашэнняў для сістэмы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, што выкарыстоўваецца расійскімі сілавікамі.
У спісы таксама ўнесены прадстаўнікі ГРУ, хакерскія групоўкі, асобныя хакеры і хактывісты, а таксама арганізацыі, якія падтрымліваюць іх дзейнасць, прадстаўнікі расійскай пенітэнцыярнай сістэмы і яе ўстановы.