Турэцкае інфармацыйнае агенцтва IHA апублікавала відэа з расійска-беларускай мяжы, знятае турэцкімі кіроўцамі. У роліку бачная фура, якая гарыць на абочыне, а таксама фура з пашкоджанай кабінай на стаянцы каля мяжы.
«Яны ўдарылі па машыне, машына гарыць. Мы знаходзімся ў эпіцэнтры вайны, мы ўцякаем. На нашых вачах сюды ўдарыў дрон. Гэта ўжо трэцяя ці чацвёртая машына, па якой ударылі», — кажа на відэа кіроўца.
На стаянцы грузавікоў кіроўцы гавораць пра выбух і беспілотнік на расійска-беларускай мяжы. Адзін з кіроўцаў кажа, што яму «шкада людзей».
Паводле інфармацыі IHA, у выніку ўдару ёсць загінулыя і параненыя — грамадзяне Ірана і Беларусі.
Пункт пропуску «Красный Камень» на расійска-беларускай мяжы не працаваў сёння з-за ўдару дрона, праз які загарэліся дзве фуры, паведамляў раней «Флагшток».
Выданне Ensonhaber цытуе двух кіроўцаў, якія сталі відавочцамі ўдару. Адзін кажа, што дроны трапілі ў два іранскія аўтамабілі, а затым паразілі беларускую фуру. Ён таксама заяўляе, што былі параненыя двое беларускіх вайскоўцаў.
«Мы ехалі з боку Расіі праз пагранічны пераход Гомель. Калі мы афармлялі дакументы, пачалася атака ўкраінскіх дронаў. Два іранскія аўтамабілі цалкам узарваліся. Калі мы спрабавалі выратавацца, яны трапілі ў беларускую машыну, якая ехала перад намі. Нам удалося шчасліва выбрацца з раёна міма аўтамабіля, які гарэў. Мы бачылі, што былі параненыя двое беларускіх вайскоўцаў. Цяпер з намі ўсё ў парадку, але нашаму жыццю пагражае небяспека», — заявіў адзін кіроўца.
Паводле слоў яшчэ аднаго відавочцы, атака пачалася каля 7 раніцы, калі кіроўцы спалі.
«Выбухі адбыліся каля іранскіх машын, якія стаялі побач з намі. Калі мы прачнуліся, над намі ўжо былі дроны. Калі спрабавалі з’ехаць, убачылі, што ўдарылі і па іншых машынах. Дзякуй богу, мы ў парадку, ніякіх раненняў у нас няма», — расказаў ён.

