Польшча запатрабавала ад Маска тлумачэнняў наконт роўмінгу Starlink

Навіны
Фото: Bernd Dittrich / Unsplash

Польшча запатрабавала ад кампаніі SpaceX і Ілана Маска тлумачэнняў наконт змяненняў у роўмінгу спадарожнікавага інтэрнэту Starlink.

Нядаўна стала вядома, што з 17 жніўня мяняюцца правілы роўмінгу на шэрагу тарыфных планаў. SpaceX падзяліла глабальную сетку Roam на тры катэгорыі: ЗША і Канада з залежнымі тэрыторыямі, агульны еўрапейскі рэгіён, які ахоплівае некалькі дзясяткаў краін, і астатнія краіны, якія разглядаюцца індывідуальна. Польшча ў еўрапейскі рэгіён не трапіла, хоць там апынуліся яе суседзі.

Цяпер польскім карыстальнікам безлімітнага плана On the Road давядзецца паведамляць пра маючую адбыцца паездку, прадастаўляць пасведчанні асобы, а таксама на іх распаўсюджваецца 30-дзённы ліміт на карыстанне інтэрнэтам за межамі краіны. Лімітаваныя планы абмежаваныя тэрыторыяй краіны. Для новых абанентаў правілы ўступілі ў сілу з 14 ліпеня, а для дзейных – уступяць у сілу з 17 жніўня.

Віцэ-прэм’ер, міністр лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі сёння заявіў, што польскі бок ужо запатрабаваў тлумачэнняў.

“Калі SpaceX і Ілан Маск хочуць працаваць у Польшчы, выкарыстоўваць перавагі польскага рынку і атрымліваць прыбытак ад польскіх кліентаў, ён павінен ставіцца да іх справядліва і на роўных умовах”, – заявіў Гаўкоўскі.

Паводле яго слоў, ён не прымае тлумачэнняў, што “проста так склалася”.

“Менавіта таму я папрасіў SpaceX тэрмінова аднавіць роўнае стаўленне да польскіх кліентаў кампаніі. Калі прычына ў «мясцовых нарматыўных патрабаваннях», я чакаю канкрэтных правілаў. Агульных тлумачэнняў недастаткова. Да польскіх грамадзян нельга ставіцца горш проста таму, што так вырашыла глабальная карпарацыя”, – дадаў ён.

“Польшча — не рынак другога гатунку. Польскія спажыўцы — не спажыўцы другога гатунку”, – падсумаваў Гаўкоўскі.

Трэба адзначыць, што Польшча аплачвае SpaceX тэрміналы, якія выкарыстоўвае Украіна. Спроба Маска абмежаваць іх працу ўжо была падставай для вострай пікіроўкі кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага і бізнесмена ў сетцы Х.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.