Расія вызваліла былога амерыканскага марпеха Роберта Гілмана, які знаходзіўся ў зняволенні са студзеня 2022 года. Цяпер ён ляціць у ЗША.
Дональд Трамп падкрэсліў, што Гілман быў вызвалены не ў рамках абмену.
«Пасля маіх перамоў з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным Расія пагадзілася вызваліць яго выключна з гуманітарных меркаванняў. Мы вітаем гэтае рашэнне, а таксама той факт, што Расія не запатрабавала нічога ўзамен — ніякага абмену не было», — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.
Гілман быў затрыманы ў Расіі ў студзені 2022 года ў цягніку Сухумі – Масква. Паводле версіі Следчага камітэта РФ, ён быў п’яны і ўдарыў супрацоўніка паліцыі. Амерыканца прысудзілі да 4,5 года калоніі паводле артыкула аб прымяненні гвалту да прадстаўніка ўлады, аднак затым тэрмін быў скарочаны на год. У дачыненні да Гілмана завялі новую крымінальную справу за прымяненне сілы да супрацоўнікаў калоніі і следчага. Сукупны тэрмін склаў 10 гадоў.
Незадоўга да вызвалення СМІ і праваабаронцы паведамлялі, што Гілман знаходзіцца ў крытычным стане і быў пераведзены ў псіхіятрычнае аддзяленне бальніцы ў стане дысацыятыўнага ступару.
