Расійскі “Альфа-Банк” паводле рашэння Арбітражнага суда Масквы атрымаў у прамое валоданне пакет акцый беларускага “Альфа-Банка”, які складае 15,56% статутнага фонду, паведамляюць “Ведомости”.
Доля перайшла ва ўласнасць расійскага банка з уласнасці кіпрскай кампаніі ABH Belarus, якая з’яўляецца часткай люксембургскай ABH Holdings стваральнікаў “Альфа-Банка” Міхаіла Фрыдмана, Пятра Авена і Андрэя Косагава. Люксембургская кампанія кантралявала 64,46% беларускага банка.
Паводле рашэння суда доля ў беларускім “Альфа-Банку” перададзена ў кошт пагашэння запазычанасці кіпрскай кампаніі перад расійскім банкам у 40,2 млн швейцарскіх франкаў. Судовы разгляд праходзіў у закрытым рэжыме.
Эксперты, апытаныя “Ведомостями”, звязваюць судовы механізм з санкцыйнымі абмежаваннямі: добраахвотнае пагашэнне доўгу еўрапейскімі структурамі ўскладнена, тады як расійскае рашэнне можна выконваць у Беларусі. Адзін з юрыстаў таксама лічыць спрэчку спосабам рэструктурызаваць валоданне актывам.
