Урад Латвіі ўхваліў папраўкі ў Закон аб развіцці сельскай гаспадаркі. Яны прадугледжваюць далейшае пашырэнне забароны на імпарт харчовых прадуктаў з Беларусі.
Цяпер закон дазваляе ўраду ўводзіць забарону на імпарт з Беларусі і Расіі сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёл. Нядаўна ўрад Латвіі ў чарговы раз скарыстаўся гэтымі паўнамоцтвамі і пашырыў пералік забароненых тавараў.
Папраўкі ў закон надзяляюць урад паўнамоцтвамі ўводзіць забарону на імпарт харчовых прадуктаў, у тым ліку кандытарскіх вырабаў, мучных вырабаў, соусаў, гатовых супоў, безалкагольных напояў і піва.
Цяпер законапраект павінен прыняць Сейм. Папраўкі не закранаюць транзіт і пастаўкі тавараў у іншыя краіны ЕС.
Ва ўрадзе аргументуюць неабходнасць пашырэння забароны захаваннем аб’ёмаў імпарту тавараў. Так, у студзені-ліпені з РФ і Беларусі было імпартавана сельскагаспадарчай прадукцыі, кармоў і прадуктаў харчавання на суму 24,9 млн еўра. З іх 18,3 млн еўра прыпадала на сельскагаспадарчую прадукцыю і кармы, а 6,6 млн еўра — на прадукты харчавання. У якасці краін-атрымальнікаў былі пазначаны Латвія і іншыя дзяржавы – члены ЕС.
