З бальніц выпісалі яшчэ 8 беларусаў, якія пацярпелі ў ДТЗ у Грузіі

Галоўнае
Фото: threads.com/@mr_aeru

У Грузіі з бальніц выпісалі яшчэ 8 грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ў ДТЗ 12 жніўня. Сярод іх пяцёра непаўналетніх. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, перадае БелТА.

Такім чынам, медыцынскія ўстановы ўжо пакінулі 12 пацярпелых беларускіх турыстаў. Чатырох чалавек выпісалі 14 жніўня.

Нагадаем, трагедыя адбылася ў рэгіёне Гурыя, на 16-м кіламетры дарогі да горнага курорта Гомісмта ў Азургецкім муніцыпалітэце. Мікрааўтобус з беларускімі турыстамі з’ехаў з дарогі, упаў у яр і ўрэзаўся ў дрэва. Кіроўцу ўдалося выскачыць з аўтамабіля падчас падзення.

У выніку аварыі загінулі 4 чалавекі, яшчэ 16 атрымалі траўмы, у тым ліку 5 непаўналетніх.

Паводле даных расследавання Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі, кіроўца не меў адпаведнай катэгорыі вадзіцельскага пасведчання для перавозкі такой колькасці пасажыраў і не забяспечыў бяспечнае кіраванне мікрааўтобусам. Яго затрымалі і прад’явілі абвінавачанне паводле часткі 8 артыкула 276 Крымінальнага кодэкса Грузіі аб парушэнні правілаў бяспекі дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула смерць больш як двух чалавек. Пакаранне паводле гэтага артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пытанне аб рэпатрыяцыі першых двух загінулых беларусаў мелі намер вырашыць у найбліжэйшы час. Целы яшчэ двух загінулых ужо планавалася адправіць у Беларусь на пачатку мінулага тыдня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.