Ужо больш за 175 чалавек сутыкнуліся з пераследам, звязаным са «справай ЕГУ». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Нагадаем, раней у Беларусі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй.
«Па стане на 17 жніўня 2026 года праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы больш як 110 студэнтаў ЕГУ і членаў іх сем’яў, якіх пачалі пераследаваць у Беларусі за навучанне ў ЕГУ. У агульнай складанасці рэпрэсіям падвергліся 175 чалавек, калі лічыць пацярпелых членаў сем’яў студэнтаў. Колькасць пацярпелых можа быць значна большай, паколькі ўлады імкнуцца схаваць рэпрэсіі, а людзі баяцца перадаваць звесткі», — паведамілі ў цэнтры.
Праваабаронцам вядома, што прайшло больш за 60 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў і іншых асоб, звязаных з універсітэтам, а таксама ў іх сваякоў. Каб прымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, КДБ пагражае іх бацькам крымінальным пераследам. На адлічэнне даюць 10 дзён. Сілавікі наўпрост заяўляюць, што калі дзеці не адлічацца з ЕГУ, іх бацькі будуць затрыманыя ў рамках крымінальнай справы. Вядома, што некаторыя сваякі студэнтаў ужо затрыманыя, паведамляе «Вясна».
КДБ таксама прыходзіць да выпускнікоў, якія заканчвалі ЕГУ ў 2019–2025 гадах. Ад іх патрабуюць прад’явіць дыпломы аб заканчэнні навучальнай установы.
