Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да трох 18-гадовых маладых людзей. Аднакласнікі з Ашмянаў і жыхар Пінска абвінавачваюцца ў распрацоўцы камп’ютарных вірусаў і іх распаўсюдзе групай асоб.
Паводле версіі абвінавачання, аднакласнікі з Ашмянаў пазнаёміліся праз сацыяльныя сеткі з жыхаром Пінска. На працягу 2025 года яны займаліся распрацоўкай і распаўсюджваннем шкоднаснага праграмнага забеспячэння, у тым ліку траянаў, шыфравальнікаў, блакіроўшчыкаў і вірусаў-вымагальнікаў.
«Распрацаваныя праграмы былі прызначаныя для перахопу націсканняў клавіш на клавіятуры, блакіроўкі экрана, што пазбаўляе карыстальніка магчымасці працаваць з ПК у звычайным рэжыме, а таксама для пашкоджання і знішчэння сістэмных файлаў і робіць немагчымым запуск праграм і працу аперацыйнай сістэмы ў цэлым.
Акрамя таго, праграмы былі распрацаваныя з мэтай выкрадання даных карыстальнікаў (пароляў, гісторыі, даных крэдытных картак, імя карыстальніка, назвы камп’ютара і іншых) з вывадам паведамленняў з патрабаваннямі аб выкупе даных», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Пракуратура адзначае, што ўсе трое былі самавукамі, веды пра вірусы чэрпалі на форумах і ў месенджарах.
«Падчас расследавання ўстаноўлены факты распаўсюджвання шкоднасных праграм іншым карыстальнікам, якія не ідэнтыфікаваныя ў сувязі з тым, што яны хавалі свае лічбавыя сляды.
Супрацьпраўная дзейнасць абвінавачаных была спыненая праваахоўнікамі да наступлення наступстваў для пацярпелых», — дадалі ў пракуратуры.
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 354, ч. 2 арт. 354, а таксама паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 354 Крымінальнага кодэкса. Яны застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе.
