Вярхоўная Рада 12 сакавіка прыняла закон, які спрашчае візавыя патрабаванні для замежных валанцёраў і гуманітарных работнікаў. За дакумент прагаласавалі 254 дэпутаты, адзін устрымаўся, піша ўкраінская служба “Радыё Свабода”.
Закон прадугледжвае, што на час ваеннага становішча і на працягу года пасля яго заканчэння патрабаванне атрымліваць доўгатэрміновую візу для афармлення віду на часовае пражыванне не распаўсюджваецца на замежнікаў і асоб без грамадзянства — за выключэннем грамадзян Расіі — якія прыехалі для працы ў зарэгістраваных за мяжой арганізацыях, што атрымліваюць гуманітарную дапамогу, або для ўдзелу ў міжнародных валанцёрскіх праграмах.
Замежнікі, якія ўехалі ва Украіну пасля 24 лютага 2022 года і звярнуліся па від на часовае пражыванне на працягу 60 дзён з моманту ўступлення закона ў сілу, будуць лічыцца законна знаходзячыміся на тэрыторыі краіны.
Адзін з ініцыятараў законапраекта, прадстаўнік «Слугі народа» Валерый Зуб, указаў у тлумачальнай запісцы, што дзеючая працэдура «значна ўскладняе» легалізацыю знаходжання гуманітарных работнікаў, якія «надзвычай запатрабаваныя» ў зонах канфлікту.
