Санкцыі запаволілі некаторыя кітайскія праекты ў «Вялікім камені»

Навіны
Скриншот видео

Геапалітычная напружанасць, войны і санкцыі запаволілі рэалізацыю кітайскіх праектаў у індустрыяльным парку «Вялікі камень». Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Кірыл Карацееў. Паводле яго слоў, кітайскія кампаніі, якія прыйшлі ў парк і пачалі рэалізацыю праектаў да 2022 года, актыўна працуюць і пашыраюцца, у той жа час рэзідэнты, зарэгістраваныя пазней, паводзяць сябе значна больш асцярожна.

«Калі казаць пра стан ходу работ, то тут, напэўна, трэба вылучыць дзве тэндэнцыі. Першая — гэта тыя кампаніі, якія прыйшлі да 2022 года і пачалі рэалізоўваць свае праекты да 2022 года. Адпаведна, яны і працягваюць інвеставаць на сённяшні дзень. Гэта звязана з набыццём станкоў, абсталявання, з мадэрнізацыяй, з пашырэннем вытворчасці. Прычым гэтая тэндэнцыя характэрная для ўсіх кітайскіх кампаній, таму што яны адчулі рынак, яны развіваюцца, яны пашыраюць свае продажы.

Адпаведна, гэта датычыцца і вытворчасці дызельных рухавікоў, каробак перадач, і будаўнічай тэхнікі Zoomlion, і вырабаў з карбону. Гэта абсалютны трэнд. Больш за тое, нядаўна і кампанія “САС-Індастрыял”, якая ў нас вырабляе алюмініевыя радыятары, таксама звярнулася з просьбай набыць суседні зямельны ўчастак, каб пашырацца», — сказаў ён.

У «Вялікім камені» цяпер налічваецца 173 рэзідэнты, 67 з якіх маюць кітайскі капітал. Паводле слоў Карацеева, сёння рэалізуюцца праекты на суму больш за 1 млрд долараў. 650 млн долараў ужо асвоеныя, да 2030 года будзе ўкладзена яшчэ 400 млн долараў.

«Але разам з тым ёсць і негатыўны трэнд. На жаль, гэта датычыцца новых праектаў. Зноў жа, прычыны аб’ектыўныя — гэта ваенны канфлікт, гэта санкцыйная палітыка краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Адпаведна, кітайскія кампаніі ацэньваюць рызыкі. Зразумела, што большасць кітайскіх кампаній — транснацыянальныя, яны маюць вытворчасць і збыт у Злучаных Штатах Амерыкі, у Еўропе.

Адпаведна, патрэбны час, каб ацаніць магчымасць прымянення другасных санкцый у дачыненні да вытворчасцяў, размешчаных у Беларусі, у “Вялікім камені”. Гэта патрабуе часу. Гэтак жа ацэньваюць рызыкі і кітайскія рэгулятары. Існуюць адпаведныя працэдуры, і яны таксама патрабуюць часу. І банкі таксама вельмі ўважліва сочаць за правядзеннем інвестыцыйных сродкаў, унёскаў у статутныя фонды. Адпаведна, гэта вялікі лаг.

Гэта пэўная праблема, аднак мы яе разумеем. Мы выпрацоўваем пэўныя рашэнні. Дарэчы, ужо ў бліжэйшы час, у кастрычніку гэтага года, у Пекіне адбудзецца пасяджэнне рабочай групы па развіцці парка паміж Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам камерцыі Кітая, гандлёва-эканамічнай камісіі, на якім будуць абмяркоўвацца магчымыя варыянты вырашэння гэтай праблемы і паскарэння гэтых аперацый», — расказаў Карацееў.

Ён таксама адзначыў, што практычна ўсё тэхналагічнае абсталяванне, якое сёння закупляецца рэзідэнтамі парка, мае кітайскае паходжанне. Карацееў падкрэсліў, што яно часам лепшае за абсталяванне з Германіі, Італіі і Японіі.

«Нават мы на ўласным прыкладзе вось проста цяпер будуем інфраструктуру другога этапу развіцця, выкарыстоўваем там абсталяванне кітайскай кампаніі — ачышчальнае абсталяванне для дажджавых сцёкаў. Да гэтага выкарыстоўвалі якраз нямецкае. Цяпер па нашай замове было выраблена ў Кітаі кітайскае. Паводле большасці параметраў яно пераўзыходзіць нямецкі аналаг. Мы вельмі задаволеныя. Прычым атрымліваецца і зэканоміць, бо па цане яно больш даступнае», — растлумачыў Карацееў.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў большай лакалізацыі.

«Мы разумеем, што з нуля нешта такое, нейкая вельмі, супервысокатэхналагічная вытворчасць не з’явіцца. Таму мы аналізуем і робім акцэнт на тым, каб дасягнуць большай лакалізацыі, у тым ліку шляхам закупкі новых тэхналогій, абсталявання для тых вытворчасцяў, якія сёння ёсць, у тым ліку і кітайскіх. Гэта значыць ад такой нават паглыбленай зборкі ўсё ж пераходзіць да большай лакалізацыі.

Гэта ў рухавіках, гэта ў каробках перадач, гэта ў тых жа вырабах з карбону. Гэта значыць не проста, на прыкладзе амуніцыі для хакея, якая ў нас цяпер вырабляецца з карбону, не проста яго апрацоўваць, але вырабляць і прасці ніткі з карбону. У выніку і сам карбон атрымліваць. Вось гэта мэта, таму што тут ужо сфарміраваўся рынак, сюды ўжо прыйшлі гэтыя вытворцы, і, адпаведна, гэта адчувальна ў кароткатэрміновай перспектыве», — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.