Савет Міністраў прыняў пастанову №391 ад 3 жніўня, якой замацавана рашэнне аб ліквідацыі дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Міністэрству культуры даручана забяспечыць перадачу сродкаў, прадугледжаных у бюджэце на фінансаванне цэнтра, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (44 316 рублёў) і Нацыянальнаму мастацкаму музею (45 771 рубель). Мінкультуры таксама павінна да 30 лістапада прыняць іншыя меры па ліквідацыі цэнтра.
Пра будучую ліквідацыю цэнтра Reform.news стала вядома яшчэ ў красавіку. Тады цэнтр абвясціў, што праводзіць апошнюю Ноч музеяў у сваёй гісторыі. Паведамлялася, што фонды цэнтра і пляцоўка на плошчы Якуба Коласа дастануцца Нацыянальнаму мастацкаму музею, а памяшканні на вуліцы Някрасава адыдуць Акадэміі мастацтваў.
Той жа пастановай Саўмін прыняў рашэнне далучыць установу «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы» да ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту».
