Нацыянальная пракуратура Польшчы прыпыніла расследаванне справы ў дачыненні да былога суддзі Томаша Шмідта, які ўцёк у Беларусь, піша Wirtualna Polska.
«Расследаванне, якое датычыцца дзейнасці былога суддзі Томаша Шмідта, было прыпынена 7 лістапада 2025 года ў сувязі з немагчымасцю правядзення працэсуальных дзеянняў з удзелам падазраванага, які знаходзіцца за межамі Рэспублікі Польшча», — заявіў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак.
Новак адмовіўся прадаставіць больш падрабязную інфармацыю «ў сувязі з інтарэсамі дасудовага расследавання». Падчас расследавання Польшча не выкарыстоўвала прававую дапамогу беларускіх органаў і не падавала запыт на экстрадыцыю Шмідта. Пісьмовыя тлумачэнні ў Шмідта не бралі, бо гэта не прадугледжана заканадаўствам.
«Падазраваны атрымаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь статус палітычнага ўцекача. У адпаведнасці з міжнародным правам і ўнутраным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадастаўленне палітычнага прытулку выключае магчымасць выдачы асобы дзяржаве, у дачыненні да якой быў прадастаўлены гэты статус», — растлумачыў Новак.
Томаш Шмідт — былы суддзя Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы. У 2024 годзе ён атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, пачаў выступаць з рознымі абвінавачаннямі супраць польскіх уладаў і супрацоўнічаць з беларускай прапагандай. У Польшчы ён з’яўляецца падазраваным па справе аб «хейтарскай аферы», а таксама падазраецца ў шпіянажы. У дачыненні да яго выдадзены два еўрапейскія ордары на арышт.
