Пракуроры выявілі недаплату ў спецфонд па падтрымцы культуры ў Гродзенскай вобласці

Навіны
Фото: прокуратура Гродненской области

У Гродзенскай вобласці пракуроры выявілі недаплату ў прэзідэнцкі фонд па падтрымцы культуры і мастацтва.

Згодна з заканадаўствам, юрыдычныя асобы і фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, што аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны яе аховы, павінны рабіць адлічэнні ў фонд. Беларускія юрыдычныя асобы і фізічныя асобы павінны плаціць 5% ад прыбытку, замежныя — 25%.

Падчас праверак у Гродне, Карэліцкім, Лідскім, Навагрудскім раёнах была выяўлена значная колькасць арганізацый, якія не плацілі ў фонд увогуле або плацілі не ў поўным памеры, паведамляе пракуратура Гродзенскай вобласці.

Так, два рэстараны, размешчаныя ў будынку гісторыка-культурнай каштоўнасці, павінны былі выплаціць у фонд 33,6 тысячы рублёў у 2025 годзе, але адлічэнні склалі толькі 2 тысячы рублёў.

Аб’ект грамадскага харчавання ў Міры недаплаціў амаль 54,5 тысячы рублёў, а грыль-бар у Лідзе — 5,4 тысячы рублёў.

Агульная запазычанасць парушальнікаў перавысіла 144 тысячы рублёў.

Органы пракуратуры таксама ўстанавілі, што для больш як 300 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў не распрацаваны праекты зон аховы. На некаторых аб’ектах адсутнічалі ахоўныя дошкі.

У вёсцы Гайцюнішкі Воранаўскага раёна з гісторыка-культурнай каштоўнасці «Рэшткі капліцы» абсыпалася цэгла. Рэшткі былой сядзібы ў вёсцы Вердамічы Свіслацкага раёна зараслі пустазеллем і хмызняком. На стаянцы перыяду неаліту ў вёсцы Мікалаева выяўлена сметніца.

Было складзена больш за 20 актаў пракурорскага нагляду. У Гродзенскі аблвыканкам унесена абагульненае прадстаўленне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.