У першым паўгоддзі 2026 года 11 непаўналетніх у Беларусі былі асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх артыкулаў». Гэта вынікае са статыстыкі, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суда.
Паводле артыкула аб садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» асуджаныя 9 непаўналетніх. Адзін падлетак атрымаў прысуд паводле артыкула аб закліках да санкцый, яшчэ адзін — паводле артыкула аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў.
Усяго ў першым паўгоддзі былі асуджаныя 239 непаўналетніх. З іх 22 прыгавораныя да пазбаўлення волі, 54 асуджаныя з адтэрміноўкай выканання пакарання, 9 — умоўна. Двух падлеткаў вызвалілі ад пакарання, да астатніх былі ўжытыя прымусовыя меры выхаваўчага характару або іншыя меры пакарання.
У статыстыцы па паўналетніх асуджаных не пазначана колькасць прысудаў паводле «экстрэмісцкіх артыкулаў». Усяго за паўгоддзе суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды па 12 036 справах. Асуджаныя 12 676 чалавек.
