Каардынацыйная рада Беларусі 28 ліпеня правяла адкрытае агульнае пасяджэнне, на якім адбыліся дэбаты кандыдатаў на кіраўніцтва Міжнароднай камісіяй і Камісіяй па рэформах, а таксама быў прадстаўлены праект Камісіі па этыцы.
На пасаду старшыні Міжнароднай камісіі прэтэндуюць тры кандыдаткі. Ксенія Луцкіна прапанавала засяродзіцца на супрацоўніцтве з нацыянальнымі парламентамі праз групы «За дэмакратычную Беларусь» для вырашэння практычных пытанняў беларусаў за мяжой, уключаючы легалізацыю, сацыяльную падтрымку і дапамогу былым палітвязням.
Аляксандра Мамаева выступіла за ўзмацненне міжнароднай суб’ектнасці Каардынацыйнай рады, прасоўванне «люксембургскіх рашэнняў», прызнанне пашпартоў «Новай Беларусі» і пашырэнне працы ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
Маргарыта Ворыхава прапанавала мадэль сістэмнай каардынацыі міжнароднай дзейнасці паміж Каардынацыйнай радай, Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам з рэгулярнай публічнай справаздачнасцю.
На пасаду старшыні Камісіі па рэформах і падрыхтоўцы пераходнага перыяду вылучаныя Юрый Губарэвіч і Раман Кісляк. Губарэвіч прадставіў праграму падрыхтоўкі законапраектаў, міжнароднай экспертызы рэформаў на адпаведнасць стандартам ЕС і развіцця праграмы «Кадравы рэзерв». Кісляк прапанаваў пашырыць грамадскае абмеркаванне рэформаў і ўжо цяпер прымаць асобныя дакументы, у тым ліку ў сферы правоў чалавека, якія рэгулявалі б дзейнасць саміх дэмакратычных структур.
Кандыдатамі на пасады намеснікаў старшыні камісіі вылучаныя Аліса Рыжычэнка, якая зрабіла акцэнт на эканоміцы ведаў і выкарыстанні ШІ, і Аляксандр Ракіцкі з фокусам на юрыдычную экспертызу і рэформу сілавога блока.
Акрамя таго, Алесь Міхалевіч прадставіў склад Камісіі па этыцы, якая будзе сачыць за выкананнем этычнага кодэкса і зніжэннем узроўню мовы варожасці ў працы КР. У яе склад увайшлі Алесь Міхалевіч (старшыня), Аляксандра Дойніч (намесніца), Міхаіл Рубін, Сяргей Стальмакоў, Дзмітрый Шчыгельскі, Алесь Юркойць, Мікалай Казлоў і Ксенія Луцкіна.
Па выніках пасяджэння сакратарыяту даручана ў найбліжэйшы час вынесці на агульнае галасаванне ўсе прадстаўленыя палажэнні і кандыдатуры.
