Венгрыя спрабуе дамагчыся ад ЕС прыпынення дзеяння дадатковых пошлін на ўгнаенні з Беларусі і Расіі. Яны былі ўведзены ў мінулым годзе. Пра гэта паведамляе Politico.
У лісце, накіраваным Еўракамісіі, міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі Іштван Надзь папярэдзіў, што рост сусветных цэн на ўгнаенні і нявызначанасць паставак з-за аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана могуць стварыць праблемы для фермераў і прывесці да росту цэн на прадукты харчавання. Таму Будапешт выступае за абнуленне пошлін на ўгнаенні з Расіі і Беларусі. Яшчэ адна прапанова Венгрыі — аслабіць забарону на расійскі газ.
У мінулым годзе ўвядзенне пошлін, якія ў выніку павінны прывесці да закрыцця еўрапейскага рынку для азотных угнаенняў з Беларусі і Расіі, аргументавалася дэмпінгам, а таксама тым, што Расія накіроўвае экспарт газу, пацярпелы ад санкцый, на вытворчасць угнаенняў для падтрымання экспартных даходаў.
Персідскі заліў з’яўляецца не толькі крыніцай паставак нафты, але і прыроднага газу. Акрамя таго, газаздабыўныя краіны заліва інвеставалі ў вытворчасць азотных угнаенняў. Пастаўкі тавараў з рэгіёна ідуць праз Армузскі праліў, які фактычна апынуўся заблакаваным. Толькі адзінкавыя судны на дадзены момант праходзяць праз яго, у той час як да канфлікту штодзённы трафік налічваў сотні.
Трэба адзначыць, што ў панядзелак вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кая Калас перад сустрэчай кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза ўжо выказвала асцярогі наконт уплыву блакіроўкі Армузскага праліва на пастаўкі ўгнаенняў і ў далейшым харчовую бяспеку.
