Урад прастымулюе ўнутраны попыт на фоне зніжэння паставак тэхнікі ў Расію. Пра гэта на сённяшняй справаздачы ў Саўміне перад Аляксандрам Лукашэнкам заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
“Ужо маюцца аператыўныя даныя аб выніках працы эканомікі за студзень. ВУП — 98,8% (пры прагнозе на першы квартал 101,2%). Нядрэнны вынік атрыманы ў сельскай гаспадарцы — тэмп 103,5% да студзеня 2025 года. Пры гэтым не дасягнулі ўзроўню мінулага года па прамысловасці (96,6%) і інвестыцыях (88%).
Паўплывалі як аб’ектыўныя фактары (зніжэнне попыту на ключавым для нас рынку, пагодныя ўмовы, перш за ўсё для будаўніцтва), так і суб’ектыўныя — непаваротлівасць асобных кіраўнікоў, у тым ліку па асваенні выдзеленых рэсурсаў. Вынікі працы за студзень разгледзелі ва ўрадзе з удзелам галіновых міністраў і дырэктараў ключавых прадпрыемстваў. Усе задачы пастаўлены”, — распавёў Аляксандр Турчын.
На фоне падзення экспарту ў РФ ва ўрадзе вырашылі павялічыць выдаткі на закупку тэхнікі для беларускіх гаспадарак.
«Са згоды кіраўніка дзяржавы мы рэалізуем маштабную праграму па перааснашчэнні аграрыяў айчыннай тэхнікай. Асноўны акцэнт — энерганасычаныя трактары і буйнагабарытная тэхніка. Больш за 2,5 тыс. адзінак. На гэтыя мэты прадугледжана больш за 2 млрд рублёў», — цытуе яго прэс-служба ўрада.
Акрамя таго, урадам распрацаваны спецыяльны крэдытны прадукт, які дазволіць любому суб’екту гаспадарання набыць у лізінг на льготных умовах сучасную буйнагабарытную тэхніку.
Турчын таксама адзначыў, што ставіцца задача па дыверсіфікацыі паставак у краіны так званай далёкай дугі і СНД.
«Адпаведныя матрыцы задач на 2026 год зацверджаны. Акрамя таго, мы замацавалі канкрэтных службовых асоб за краінамі (77) і рэгіёнамі Расіі (80). Для паслоў давялі персанальныя задачы ў краіне знаходжання — ад нарошчвання паставак да стварэння зборачных вытворчасцей. Для ўсіх камандзіраваных вызначылі стратэгічныя задачы, арыентаваныя на эканамічны вынік», — сказаў ён.
Саўмін скарэктаваў праграмы падтрымкі экспарту. Цяпер чым далейшы рынак, тым большым будзе яе памер.
«Перагледзелі інструменты падтрымкі экспарту. Каб не замыкацца на адным расійскім рынку і стымуляваць экспарцёраў да пошуку новых, дыферэнцыравалі памеры фінансавай падтрымкі па прынцыпе: чым далейшы рынак і складанейшая прадукцыя, тым большая падтрымка з бюджэту», — распавёў Турчын.
Паводле яго слоў, на 2026 год запланаваны больш за 630 вытворчых праектаў на 10 млрд рублёў. Трэць з іх будзе завершана ў гэтым годзе.
«Для фінансавай падтрымкі новых праектаў па павышэнні лакалізацыі і тэхналагічнасці прадукцыі, а таксама развіцця турызму Урадам запушчаны спецыяльныя крэдытныя прадукты пад льготную стаўку 6–7% гадавых. Пры гэтым нарошчванне аб’ёмаў інвестыцыйнага фінансавання ўстаноўлена для банкаў у якасці KPI», — сказаў ён.
Таксама Турчын адзначыў, што ўрад аптымізуе будаўніцтва ў Мінску з пераарыентацыяй на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. У рэгіёнах павінны пабудаваць 650 тыс. кв. м арэнднага жылля для спецыялістаў, у тым ліку 400 тыс. кв. м па дзяржзамове. На дзяржінвестпраграму выдзяляецца каля 7 млрд рублёў.
