Беларускі спадарожнікавы аператар “Белінтэрсат” падпісаў пагадненне з расійскай кампаніяй “Бюро 1440”, якая стварае сэрвіс доступу ў інтэрнэт на базе групоўкі нізкаарбітальных спадарожнікаў.
“Белінтэрсат” будзе займацца арганізацыяй доступу да сэрвісу на тэрыторыі Беларусі. Бакі дамовіліся пра тэставанне і інтэграцыю сэрвісу ў інфармацыйныя сістэмы “Белінтэрсат”.
Як адзначылі ў “Бюро 1440”, пагадненне з беларускай кампаніяй — першы крок на міжнародным узроўні.
“У доўгатэрміновым сцэнары сумесная работа з “Бюро 1440″ дазволіць скараціць лічбавую няроўнасць і дасць новы імпульс развіццю рэгіёнаў Беларусі. Немалаважна, што супрацоўніцтва з партнёрамі таксама дапаможа ў рэалізацыі комплекснага плана па імпартазамяшчэнні ў крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры, што стане фундаментам развіцця агульнага тэхналагічнага суверэнітэту”, — адзначыў тэхнічны дырэктар “Белінтэрсат” Алег Вінярскі.
Раней у беларускім Мінсувязі заяўлялі, што разлічваюць на расійскі праект для паляпшэння пакрыцця доступам у інтэрнэт тэрыторыі краіны. У сакавіку расійская кампанія вывела на арбіту першыя 16 спадарожнікаў. Да 2027 года спадарожнікавую групоўку плануецца нарасціць да 292 адзінак.
