Павел Латушка выступіў з заявай па выніках выбараў у Каардынацыйную раду. Яго “Кааліцыя Латушкі і Рух “За Свабоду” атрымала больш за 42% галасоў і 34 мандаты ў новым скліканні КР. Ён падзякаваў усім, хто прагаласаваў на выбарах. Свае галасы аддалі 2113 выбарцаў.
“Хачу падзякаваць ад імя кааліцыі «Латушка і Рух “За Свабоду» ўсім выбаршчыкам — беларусам і беларускам, якія прагаласавалі за наш спіс.
Дзякуй, што вы падтрымалі нас на мінулых выбарах. Гэтым разам мы атрымалі яшчэ большы давер — дадатковыя шэсць мандатаў дзякуючы вашым галасам і 34 месцы з 80 у Каардынацыйнай Радзе. Мы гэта вельмі высока цэнім, і асабліва ўдзячныя ўсім беларусам і беларускам, якія галасавалі знутры Беларусі, але і, вядома ж, беларусам за мяжой.
Самымі каштоўнымі з’яўляюцца галасы, якія аддаюць беларусы і беларускі ў такіх складаных, крытычных умовах наймаштабнейшых у гісторыі Еўропы XXI стагоддзя рэпрэсіях супраць еўрапейскага народа.
Гэта была складаная выбарчая кампанія, з беспрэцэдэнтным ціскам, кампаніяй па дэзінфармацыі, дыскрэдытацыі і адкрытай кібервайной супраць Каардынацыйнай Рады і сістэмы галасавання. Але выбары адбыліся, і мы абяцаем імкнуцца выканаць тыя абавязацельствы, якія прадставілі ў нашай выбарчай праграме.
Хацеў бы падзякаваць таксама калегам і каляжанкам са спіса за іх адвагу і гатоўнасць узяць удзел у выбарах, нягледзячы на рэпрэсіі, пагрозы з боку рэжыму. Мы прайшлі гэтыя выбары і не здаліся. Я гэта вельмі высока цаню і як беларус, і як палітык”, — заявіў Латушка.
