Савет міністраў пастановай №249 ад 15 мая зацвердзіў Палажэнне аб парадку ажыццяўлення кантролю за выкананнем ваенна-транспартнага абавязку. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Кантроль будзе праводзіцца ў арганізацыях-пастаўшчыках і арганізацыях-фарміравальніках. Першыя павінны падчас мабілізацыі ў ваенны час прадаставіць транспартныя сродкі, а другія — сфарміраваць аўтамабільныя калоны вайсковага тыпу.
Кантроль будуць ажыццяўляць:
- дзяржорганы ў падпарадкаваных арганізацыях-пастаўшчыках не радзей чым адзін раз на пяць гадоў,
- Мінабароны — у арганізацыях-фарміравальніках раз у год,
- раённыя ваенкаматы — у арганізацыях-пастаўшчыках штогод, за выключэннем тых, якія ў гэтым годзе правяраюцца дзяржорганамі.
Падчас кантрольных мерапрыемстваў будзе правярацца дакументацыя, а таксама тэхнічны стан транспартных сродкаў, наяўнасць запасных частак і інш. Тыя, хто правярае, будуць рабіць заключэнні аб гатоўнасці транспартных сродкаў да прадастаўлення войскам.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
