На выбарах у Каардынацыйную раду прагаласавалі 2113 чалавек. Больш за ўсіх набраў блок Латушкі

Галоўнае
Фото: Reform.news

Завяршылася галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Паводле даных платформы для галасавання, у ім прынялі ўдзел 2113 чалавек. Больш за ўсіх набраў блок Паўла Латушкі.

Паводле папярэдніх вынікаў, галасы размеркаваліся наступным чынам:

  • “Ваш голас” — 110 галасоў (5,21%),
  • “Еўрапейскі выбар” — 295 галасоў (13,96%),
  • “Хопіць баяцца” — 134 галасы (6,34%),
  • “Рух “Воля” — 220 галасоў (10,41%),
  • “Аб’яднаная грамадзянская платформа” — 143 галасы (6,77%),
  • “Наступ” — 204 галасы (9,65%),
  • “Закон і правапарадак” — 25 галасоў (1,18%),
  • “Беларусы дзеяння” — 89 галасоў (4,21%),
  • “Кааліцыя Латушкі і “Рух “За Свабоду” — 893 галасы (42,26%).

Галасаванне было спынена сёння ў 12:00 па Мінску.

Выбарчая камісія пасля заканчэння галасавання правяла прамы эфір, падчас якога былі размеркаваны мандаты Каардынацыйнай рады. Выбарчы парог для праходжання спіса ў раду складае 3%. У выніку мандаты атрымалі восем з дзевяці выбарчых спісаў. За бортам Каардынацыйнай рады застаўся спіс “Закон і правапарадак”.

У выніку месцы ў КР размеркаваліся наступным чынам:

  • “Ваш голас” — 4 мандаты,
  • “Еўрапейскі выбар” — 11 мандатаў,
  • “Хопіць баяцца” — 5 мандатаў,
  • “Рух “Воля” — 8 мандатаў,
  • “Аб’яднаная грамадзянская платформа” — 6 мандатаў,
  • “Наступ” — 8 мандатаў,
  • “Беларусы дзеяння” — 4 мандаты,
  • “Кааліцыя Латушкі і “Рух “За Свабоду” — 34 мандаты.

Паводле слоў адказнага за тэхнічную платформу галасавання Паўла Лібера, яна была даступная 95,2% часу, адведзенага на галасаванне.

“73 чалавекі гарантавана не змаглі прагаласаваць па тэхнічных прычынах. Гэта значыць, што людзі трапілі ў той самы разрыў, калі яны атрымалі бюлетэнь, але не змаглі запісаць свой голас з-за атакі на нас або на партнёра”, — сказаў ён.

Падчас DDOS-атакі на платформу былі накіраваны 24 млрд запытаў, 65 тэрабайт трафіку.

Выбарчая камісія пазней павінна зацвердзіць канчатковыя вынікі выбараў. Выбарчыя суб’екты маюць магчымасць да 21 мая падаць скаргі. Калі скаргаў не будзе, вынікі будуць зацверджаны 22 мая.

Нагадаем, у 2024 годзе падчас папярэдніх выбараў у КР свае галасы аддалі 6723 чалавекі. Паводле іх вынікаў кааліцыя Латушкі і “Руху “За Свабоду” таксама атрымала больш за ўсіх галасоў і ў выніку стала ўладальнікам 28 мандатаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.