DDOS-атакі на платформу для выбараў у Каардынацыйную раду маглі каштаваць да 200 тыс. еўра. Пра гэта расказаў Павел Лібер, які адказваў за тэхнічную платформу.
“Мы выстаялі, хаця кошт гэтых атак у такіх аб’ёмах я б ацэньваў бліжэй да 100к+ еўра, а калі яны плацілі за ўвесь трафік па сярэдніх рынкавых цэнах, то магло быць і 200к+”, — напісаў ён.
Паводле яго слоў, 95,2% часу платформа была даступная. Не змаглі прагаласаваць з-за атак 73 чалавекі. Усяго ж у галасаванні прынялі ўдзел 2113 выбарцаў.
У тэхпадтрымку звярнуліся 64 чалавекі, з якіх у выніку 36 пазней паведамілі, што змаглі прагаласаваць.
“У выглядзе DDOS-атак да нас прыйшло крыху больш чым 24 млрд запытаў і 68 Tb трафіку.
Асобны ўдар (сотні Tb) прыйшоўся па Google Storage bucket, дзе на працягу некалькіх дзён запар выкачваліся ліміты bucket па ўсіх рэгіёнах, што прымусіла нас змяніць сайт для галасавання.
На жаль, гэтыя выбары паказалі новую лічбавую рэальнасць, дзе рэжым можа стварыць сапраўды важкую нагрузку, і калі днём і ноччу на працягу 7 дзён даводзіцца ўсёй камандай трымаць інфраструктуру пад бесперапыннымі атакамі, спробамі раскавыраць пратаколы і інфармацыйнымі ўкідамі”, — дадаў ён.
Павел Лібер таксама адзначыў рост тэхнічнага ўзроўню і папярэдзіў, што “грамадзянскаму сектару варта сур’ёзна яшчэ раз задумацца пра лічбавую бяспеку”.
