Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў адклаў удары па Іране. Паводле яго слоў, ён выканаў просьбу лідараў шэрагу краін Персідскага заліва.
“На працяглых сур’ёзных перамовах мяне папрасілі эмір Катара Тамім ібн Хамад ібн Халіфа Аль Тані, спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Салман, прэзідэнт ААЭ шэйх Мухамед бін Заід адкласці нашу атаку на Іран, якая была запланаваная на заўтра. На іх думку, вялікіх лідараў і саюзнікаў, удасца дасягнуць пагаднення, якое будзе вельмі прымальным для ЗША, для краін Блізкага Усходу і не толькі.
З павагі да гэтых лідараў я праінструктаваў шэфа Пентагона Піта Хегсета, начальніка Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэна Кейна, узброеныя сілы ЗША, каб атакі на Іран заўтра не было. Але таксама я праінструктаваў іх быць гатовымі прыступіць да паўнавартаснага маштабнага наступу на Іран, па першым жа ўказанні, калі прымальнага пагаднення не будзе”, — напісаў ён у сетцы Truth Social.
Пазней, размаўляючы з журналістамі, Трамп сказаў, што паўза не будзе вялікай — яна складзе два-тры дні.
“Два ці тры дні. Гаворка ідзе пра непрацяглы перыяд”, — сказаў ён.
Пры гэтым прэзідэнт ЗША выказаў надзею, што ў выніку яму не давядзецца аднаўляць аперацыю супраць Ірана.
“Калі мы зможам усё вырашыць, не разбамбіўшы ўсё да чорта, то выдатна”, — дадаў ён.
Да гэтага Трамп выказваў незадаволенасць новай версіяй іранскіх прапаноў, якія паступілі праз пакістанскіх пасярэднікаў у панядзелак. Паводле яго слоў, ён не гатовы ісці на саступкі Ірану, а ў Тэгеране “ведаюць, што адбудзецца неўзабаве”. Трамп лічыць, што іранскія ўлады больш, чым калі-небудзь, жадаюць заключыць пагадненне.
