Польшча ў красавіку прадаставіла міжнародную абарону 127 грамадзянам Беларусі. На гэта ўказвае статыстыка Упраўлення па справах замежнікаў.
115 грамадзян Беларусі атрымалі статус бежанца, 12 — дадатковую абарону. Таксама ў красавіку пяці беларусам было адмоўлена ў прадастаўленні міжнароднай абароны, а 18 спраў былі прыпынены. На долю грамадзян Беларусі прыйшлося 79% усіх станоўчых рашэнняў аб прадастаўленні абароны. Усяго ж упраўленне за месяц вынесла 161 станоўчае рашэнне, 351 адмоўнае (пераважна грамадзянам Украіны), а таксама 112 спраў былі прыпынены.
У красавіку былі пададзены 450 заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў дачыненні да 538 чалавек, з якіх 148 з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.
Упраўленне па справах замежнікаў адзначае зніжэнне цікавасці да міжнароднай абароны. У параўнанні з красавіком 2025 года было пададзена на 53% менш заяў.
У студзені-красавіку Польшча прадаставіла міжнародную абарону 499 грамадзянам Беларусі, у тым ліку 145 атрымалі статус бежанца, а 354 — дадатковую абарону. У міжнароднай абароне было адмоўлена 14 беларусам, 79 спраў былі прыпынены. Узровень прызнання міжнароднай абароны для беларусаў складае 97%.
Усяго ж за чатыры месяцы Упраўленне вынесла 642 станоўчыя рашэнні аб прызнанні міжнароднай абароны, 1684 — адмоўныя, у 754 выпадках справы былі прыпынены. Найбольшая колькасць адмоваў была вынесена грамадзянам Украіны.
Ва Упраўленні па справах замежнікаў на 1 мая застаецца ў вытворчасці 8,1 тыс. спраў аб прызнанні міжнароднай абароны. Сярэдні час разгляду заявы складае 277 дзён. У першай інстанцыі разглядаліся заявы ў дачыненні да 2860 грамадзян Беларусі, у другой — 91 справа.
Паводле даных Упраўлення, у Польшчы маюць дзейныя дакументы на знаходжанне больш за 2 млн замежнікаў, у тым ліку 1,56 млн грамадзян Украіны.
На 1 мая такія дакументы ў Польшчы мелі 137 716 грамадзян Беларусі. Іх колькасць у параўнанні з 1 красавіка знізілася на 1627 чалавек.
Часовы від на жыхарства на 1 мая мелі 82 441 грамадзянін Беларусі, пастаянны від на жыхарства — 41 297 чалавек, дадатковую абарону — 10 224 чалавекі, статус бежанца — 1042 чалавекі, статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 2332 чалавекі, часовую абарону — 208 чалавек, іншыя статусы — 172 чалавекі.
За чатыры месяцы гэтага года Упраўленне па справах замежнікаў выдала грамадзянам Беларусі 8049 часовых відаў на жыхарства, 709 пастаянных відаў на жыхарства, 22 статусы рэзідэнта ЕС. Адмовы былі вынесены па 775 заявах на ВНЖ, 275 — на ПМЖ, 43 статусах рэзідэнта ЕС. Яшчэ 454 справы былі прыпынены.
У 65% выпадкаў часовыя віды на жыхарства былі прадастаўлены беларусам на падставе працы, у 24% выпадкаў — уз’яднання сям’і, 7% — па іншых абставінах і 4% — на падставе атрымання адукацыі.
52,2 тыс. грамадзян Беларусі пражываюць у Мазавецкім ваяводстве, 13,3 — у Падляскім, 12 тыс. — у Ніжнесілезскім, 11,1 тыс. — у Паморскім, 11 тыс. — у Велікапольскім, 9,8 тыс. — у Малапольскім.
