Сёння ў чацвёртым пад’ездзе панэльнага дома №69 на вуліцы Баграціёна ў Мінску абваліліся падлога і частка сцяны перад лесвічным маршам. Па афіцыйнай версіі Мінгарвыканкама, прычынай стала аслабленне будаўнічых канструкцый, якое прывяло да дэфармацыі пліты перакрыцця.
Кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мікалай Палякоў заявіў, што зацікаўленыя спецыялісты выехалі на месца і правялі абследаванне дома. Пад апорную пліту ўсталяваны ўмацоўвальныя канструкцыі. Адзін з уваходаў скразнога пад’езда часова закрыты.
У Мінгарвыканкаме заявілі, што па выніках абследавання адсяленне жыхароў не патрабуецца. Камісія па НС даручыла інстытуту «Белжылпраект» выдаць тэхнічнае заключэнне аб неабходных будаўніча-мантажных работах. Іх плануюць пачаць заўтра.
Як піша Onliner са спасылкай на відавочцаў, пад’езд часова перакрыты з боку двара — праход загароджаны плітамі ДВП. Жыхароў пускаюць толькі праз другі выхад, бо пад’езд скразны. На месцы працуюць супрацоўнікі МНС, камунальных службаў і рабочыя.

