На мітынге-рэквіеме, які адбыўся ўначы 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, прысутнічалі тысячы чалавек, паведамляе Белта. Мерапрыемства прысвечана Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Аляксандр Лукашэнка акцыю не наведаў.



Напярэдадні падзеі ў Брэсцкай крэпасці была адкрытая новая мемарыяльная зона “Скорбь”, якая паўстала ў выніку трохгадовай праграмы Саюзнай дзяржавы па рэмонтна-рэстаўрацыйным працам у мемарыяле.
“Вобразам для скульптурнай кампазіцыі жанчыны ў жалобе стала фатаграфія ўдавы аднаго з абаронцаў легендарнай цытадэлі над Бугам, Алена Кузняцова разам з двума дзецьмі змагла выбрацца з палаючых руін крэпасці”, – паведамляе газета “Культура”.

Па абодва бакі ад скульптуры — сцяна памяці з імёнамі абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія загінулі ў фашысцкім палоне.
Нагадаем, што нядаўна міністр культуры Беларусі Марат Маркаў паведаміў пра падпісанне сумеснага мемарандуму Расіі і Беларусі аб падачы супольнай заяўкі на мэмарыяльныя комплексы — Мамаеў курган і Брэсцкая крэпасць — у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram