Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання ў Вільнюсе падлетка за надпіс “Вільня наша”

Навіны
Фото: LRT

Тэлеканал LRT раскрыў падрабязнасці затрымання падлетка за надпіс “Вільня наша”, якое адбылося сёння раніцай у Вільнюсе. Паліцыя не паведамляла падрабязнасці інцыдэнту.

Аказалася, што падлетка затрымаў мінак. Ён і распавёў каналу падрабязнасці гісторыі. У матэрыяле ён названы Паўлюс (імя зменена).

Паводле яго слоў, па дарозе на працу ён заўважыў незвычайную сцэну каля пешаходнага моста.

«Я ўбачыў чалавека, які сядзеў на кукішках і нешта рабіў. Я не звярнуў на гэта асаблівай увагі, але, падышоўшы бліжэй, заўважыў чалавека ў капюшоне, апранутага ў чорнае, які нешта фатаграфаваў», – распавёў Паўлюс.

Затым ён убачыў, што чалавек фатаграфуе надпіс, зроблены кірыліцай. Ён ужо чуў пра падобныя правакацыйныя надпісы, якія, паводле даных літоўскіх праваахоўных органаў, робяцца па заданні расійскіх і беларускіх спецслужбаў з мэтай пасеяць разлад. Нядаўна некалькі такіх надпісаў ужо з’яўляліся ў літоўскай сталіцы.

«Я спытаў: „Што ты тут робіш?“ Ён паглядзеў на мяне, зразумеў, што яго злавілі, і пабег», – працягнуў Паўлюс.

Мужчына пагнаўся за падлеткам. На праспекце Гедымінаса ён стаў клікаць на дапамогу мінакоў. У выніку той, хто ўцякаў, спатыкнуўся, і мужчына змог яго затрымаць.

Паводле слоў Паўлюса, хлопец пачаў казаць, што яму ўсяго 14 гадоў, расплакаўся і стаў выбачацца.

«Ён сказаў, што не хацеў нічога маляваць, што зрабіў гэта, бо яму пагражалі: калі ён не намалюе гэтыя словы і не сфатаграфуе іх, яго дом спаляць», – распавёў мужчына.

Прыбыўшыя паліцэйскія сказалі, што хлопец ужо знаёмы ім. Паўлюс таксама адзначыў, што падлетак гаварыў па-літоўску без акцэнту.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.