У Беларусі затрыманы расійскі бізнесмен Дзмітрый Мізгір. Пра гэта паведамілі «Известия». Ён падазраецца ў арганізацыі махлярскай схемы пры пастаўцы тушонкі ў расійскія падраздзяленні, якія вядуць вайну супраць Украіны. Паводле інфармацыі выдання, мужчына быў затрыманы аператыўнікамі беларускага КДБ.
Мізгір знаходзіўся ў вышуку каля трох месяцаў. У нейкі момант расійскія сілавікі атрымалі інфармацыю, што ён знаходзіцца ў Беларусі і спрабуе з’ехаць далей. Да справы падключыліся ў беларускім КДБ. Былі адпрацаваны некалькі адрасоў, у гэты час адшукваны пачаў тэлефанаваць знаёмым, яго адсачылі па тэлефонных перамовах і вулічных відэакамерах.
Справа будуецца вакол паставак тушонкі на адрас расійскага Мінабароны кампаніяй «Нармяспром». Кансервы вырабляліся на афіліяваным з ёй мясакамбінаце «Селяціна» ў падмаскоўным Нара-Фамінску.
У змесціва кансерваў, як піша выданне, у парушэнне рэцэптуры замест мяса дадаваліся абрэзкі свіных туш, крухмал, забароненыя дзяржстандартам харчовыя дабаўкі, шпіг і г.д. Шкода Мінабароны ацэньваецца ў 700 млн расійскіх рублёў. Усяго ў 2024-2025 гадах вайскоўцам было пастаўлена 170 т няякасных кансерваў.
У арганізацыі паставак, паводле версіі следства, быў задзейнічаны начальнік харчовага ўпраўлення Мінабароны Віктар Таразевіч, які атрымліваў ад бізнесменаў хабар.
