Kmitansambl выдаў дэбютны альбом — «Сонца над пастарункам».
Яшчэ падчас выступлення ў праекце «K6-live» быў анансаваны выхад гэтай кружэлкі — першага альбома адносна нядаўна створанага гурта на чале з музыкам і акцёрам Вячаславам Кмітам.
Нягледзячы на тое, што слава Вячаслава выйшла на больш шырокую публіку пасля выхаду стужкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», дзе музыка сыграў галоўную ролю, нагадаем: творца і да кіно ўжо меў пэўную рэпутацыю беларускага маладога Боб Дзілана (таму рэжысёр карціны Юры Сямашка і запрасіў Славу сыграць у сваім фільме, лічы, самога сябе).
Вячаслаў Кміт — бадай што, першы сапраўды беларускі сінгер-сонграйтар, калі мы гаворым у кантэксце амерыканскай і еўрапейскай традыцыі. Не савецкі бард. Шмат хто, пачуўшы словазлучэнне «аўтар-выканаўца», узнаўляе ў памяці не Ніка Дрэйка, Бруса Спрынгсціна ці Пола Саймана, а менавіта савецкіх бардаў. Так вось, Вячаслаў Кміт — гэта акурат не туды (у «Сонейка лясное»), а наадварот — у традыцыю замежных выканаўцаў, для якіх былі важныя і публіцыстычнасць, і спавядальнасць, і філасафічнасць року і яго, адначасова, нібыта фармальная прастата.
Кміт піша тэксты па-беларуску, і для яго гэта — прынцыповая рэч. Ён культывуе менавіта песню, культывуе месідж. Ок, правіснікам Кміта можна ўмоўна назваць беларускага выканаўцу .К, але гэта, што гаворыцца, не дакладна. Бо сэнсавая поліфанія Жэні Кучмейна мае адсылкі і да спадчыны расійскіх творцаў — таго ж Ягора Летава і іншых. Але Кміт — гэта беларускацэнтрычны сонграйтар, які арыентуецца на заходнюю традыцыю, і тут яго амбіцыя мае пад сабой глебу.
Песні Кміта, яго тэксты, важна слухаць. Там усё мае адметную вобразную сістэму: «сонечнае сэрца сціскае сцізорык», «новы дзень застыў у кубку». Часам тэкст песні нават кантрастуе з нібыта светлым настроем кампазіцыі. Тут ідэальны прыклад — «Бывай мая зброя», калі на амаль мажорны матыў спяваецца пра зусім невясёлыя рэчы. Таксама глыбокі падтэкст мае песня “Арыя пылу на паліцах”, дзе герой спявае ад імя пылу: “я буду, ёсць, быў, Бог усё стварыў на мой капыл”.

У цэлым, гэты кагнітыўны дысананс застае слухача адразу на пачатку альбома: ансамбль, дзе прысутнічае скрыпка, зусім лёгкія тамбурыны, няма бас-гітары і жорсткіх барабанаў, прапануе амаль кантры-гучанне, якое нібыта залагоджвае пасыл песень Кміта.
Але гэта толькі спачатку. Пасля некалькіх праслухоўванняў кружэлка пачынае раскрывацца, і ў гэтым супрацьстаянні ансамблевага празрыстага гучання і метафарычных няпростых тэкстаў нараджаецца цікавы эфект, які вельмі трапна апісваецца назвай плыткі — «Сонца над пастарункам».
Той, каму трэба ці хочацца, будзе пад гэтую музыку танчыць, а той, каму трэба — слухаць. І менавіта ў гэтым, мне падаецца, і ёсць галоўная ідэя альбома.
Вячаслаў, відавочна, можа спяваць як з ансамблем, так і без яго. Пры тым, што ў запісу прымалі ўдзел цудоўныя музыкі – Мікіта Арлоў, Уладзь Лянькевіч, Назар. Іншая справа, што сонграйтарства, для якога тэкставы складнік заўжды быў важным, патрабуе ад аўтараў і нешараговай кампазітарскай выдумкі. Ці ўдасца Кміту далей узняць гэтую музычную планку? Вось гэта цікава.
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram