Следчы камітэт расказаў падрабязнасці пра выкраданне дзяўчыны ў Слуцкім раёне 25 снежня.
Увечары 25 снежня 18-гадовая жыхарка аграгарадка Лучнікі ішла ў госці да сяброўкі ў вёску Брановічы. На вуліцы Цэнтральнай шлях ёй перагарадзіў аўтамабіль Opel з незнаёмым мужчынам за рулём. Кіроўца прапанаваў дзяўчыне сесці ў салон. Калі яна адмовілася, ён выйшаў, сілай пасадзіў дзяўчыну на пярэдняе сядзенне, заблакаваў дзверы і ўтрымліваў яе, нягледзячы на супраціў і спробы выбрацца. Разам з дзяўчынай ён ездзіў па Слуцку і Слуцкім раёне.
Пасля ён перамяшчаўся з выкрадзенай па тэрыторыі Слуцкага раёна і горада Слуцка. Дзяўчыне ўдалося патэлефанаваць знаёмаму, а потым звязацца з міліцыяй і паведаміць сваё прыкладнае месцазнаходжанне. Калі кіроўца зразумеў, што яго пераследуюць, ён прыехаў да закінутага будынка. Убачыўшы міліцэйскі аўтамабіль, дзяўчына змагла адкрыць дзверы і выбрацца з машыны. Кіроўца спрабаваў уцячы, але быў затрыманы.
Кіроўцам аказаўся 32-гадовы жыхар вёскі Брановічы. У момант злачынства ён быў пад уздзеяннем наркотыкаў. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і кіраванне аўтамабілем у стане ап’янення.
У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа аб выкраданні чалавека. Матэрыялы справы перададзены ў пракуратуру для накіравання ў суд.
