Белы дом рыхтуецца абвясціць пра новыя мыты на тавары з дзясяткаў краін. Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Як тлумачыць агенцтва, у лютым Вярхоўны суд ЗША большасцю галасоў пастанавіў, што рашэнне Трампа аб увядзенні ў 2025 годзе мытаў на тавары з вялікай колькасці краін свету з’яўляецца незаконным. Яны павінны быць скасаваныя.
Каб пазбегнуць скасавання мытаў, Трамп ужо на іншай прававой падставе ўвёў мыты ў памеры 10% на імпарт з усіх краін. Аднак гэтае рашэнне было абмежаванае па тэрміне дзеяння. Ён заканчваецца 25 ліпеня.
Новыя мыты рыхтуюцца для таго, каб захаваць дзеянне гандлёвага рэжыму. Пры гэтым пакуль незразумела, якім будзе іх памер. У аўторак гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр падкрэсліў, што ўвядзенне новых мытаў непазбежнае, але ўдавацца ў падрабязнасці не стаў.