22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна. Хрэнін далажыў пра абстаноўку, якая складваецца вакол Беларусі, і дапамогу аграрыям падчас уборачнай.
Хрэнін ацаніў ваенна-палітычную абстаноўку як спакойную. Паводле яго слоў, напружанне ў большай ступені прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы. Мінабароны не фіксуе вялікай актыўнасці ўзброеных сіл краін НАТА, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Мінабароны не назірае прыкмет падрыхтоўкі да агрэсіўных дзеянняў з боку Украіны на паўднёвай мяжы. У Беларусі ў памежнай зоне знаходзіцца мінімальны камплект падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый, якія дзейнічаюць ва ўзаемадзеянні з памежнікамі.
«Адсочваючы дзейнасць узброеных сіл краін НАТА, мы не бачым вялікай актыўнасці. У сумежных краінах праходзіць мінімальная колькасць вучэнняў — усяго адно, мінімальная колькасць палётаў. Таму мы і лічым, што абстаноўка стабільная, і нейкай пагрозы, напружання, падрыхтоўкі да раптоўнага нападу мы не бачым», — заявіў Хрэнін пасля даклада.
Хрэнін адзначыў, што падрыхтоўка асабовага складу вядзецца ў планавым парадку з улікам высноў комплекснай праверкі, якая прайшла на пачатку года.
Міністр абароны далажыў пра дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям падчас уборачнай, якую аказваюць вайскоўцы ў розных рэгіёнах.
«Я далажыў, як будзе выконвацца даручэнне кіраўніка дзяржавы. Да гэтай работы цяпер будуць падключаныя ваенкамы, якія найбліжэйшым часам правядуць сумесныя нарады з кіраўнікамі мясцовых органаў улады на месцах і вызначацца з паслядоўнасцю. Далей, як сказаў прэзідэнт, не з кабінетаў, а ў палі выедуць у сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, арганізуюць з імі ўзаемадзеянне і будуць працаваць, аказваючы дапамогу і падтрымку», — расказаў Хрэнін.
Таксама абмяркоўвалася даручэнне Лукашэнкі накіроўваць у войска ўсіх, хто не хоча працаваць на ўборцы ўраджаю. Хрэнін далажыў, што да выканання гэтай задачы падключаныя ваенныя камісары.